Легендарны музычны прадусар Філ Спектар абвінавачаны лос-анжэлескім судом прысяжных у забойстве акторкі. Чалавек, які спрадусаваў бітлаўскі Let it be, а таксама колькі альбомаў Ціны Цёрнэр, Шэр і Леанарда Коэна, паводле прысуду мусіць адседзець у турме як найменей 18 гадоў.

Спектар вядомы як адкрывальнік метаду накладання, гэтак званага «мура гуку», калі прадусар збірае ў студыі вялікую колькасць музыкаў, якія граюць свае партыі ва ўнісон, або накладае аднолькавыя партыі адна на адну, каб гук атрымаўся насычаны. Гэтым метадам у поп- і рок-музыцы цяпер карыстаюцца спрэс.

40-гадовая акторка Лана Клаксан была забітая, калі знаходзілася ў Спектара на віле. Двое сустрэліся некалькі гадзін раней у бары, месцы працы Клаксан. Галоўным сведкам на судзе зрабіўся асабісты кіроўца прадусара, які сказаў, што сядзеў у машыне, калі пачуў стрэлы і ўбачыў гаспадара, які, трымаючы ружжо ў руцэ, выгукнуў: «Здаецца, я кагосьці прыстрэліў». Паводле абвінаваання ў падсуднага «багаты досвед» пагрозаў са зброяй у руках. Дзяржаўны абвінаваўца назваў Спектара «д’ябальскім шаленцам», а на судзе прысутнічалі 5 жанчынаў, якім Спектар яшчэ раней таксама пагражаў зброяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?