Прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка павінен узяць удзел у травеньскім саміце ЕС у Празе, на якім будзе прэзентаваная праграма «Ўсходняе партнёрства».

Паводле чэшскіх СМІ, заява была зроблена ў часе візіту літоўскага кіраўніка ў Чэхію на мінулым тыдні.

Выступаючы за запрашэнне Лукашэнкі, Адамкус, аднак, удакладніў: «Але ж гэта зусім не азначае, што ЕС згодны з палітыкай Лукашэнкі».

Прыкладна за тыдзень да гэтай Адамкусавай заявы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс, сустракаючыся са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні, сказаў, што Літва заўсёды выступае за месца Беларусі ў Еўропе, аднак пры гэтым ніколі не пагодзіцца з тым, што «дзеля прагматычных мэтаў варта забыцца пра правы чалавека».

Паводле словаў літоўскага прэм’ера, праграма «Ўсходняе партнёрства» будзе карыснай для Беларусі. Што да пытання запрашэння беларускага кіраўніцтва ў Прагу, то Кубілюс выказаў наступнае меркаванне: «Беларускі прадстаўнік возьме ўдзел у пражскай сустрэчы. Пакуль яшчэ ня вырашана, якога ўзроўню будзе гэты прадстаўнік, аднак, думаю, будзе знойдзена добрае рашэнне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?