Адвакат Зміцер Гарачка мяркуе, што закон «Аб амністыі ў сувязі з 65‑годдзем вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў», які прыняты ў першым і другім чытанні 15 красавіка, дапаможа яго падабароннаму Эмануілу Зельцэру датэрмінова выйсці на волю.
«Паводле 3‑га артыкула закону пад амністыю падпадаюць асобы, якія асуджаныя на тэрмін да 6 год зняволення і адбылі не меней за чвэрць пакарання. Эмануіл Зельцэр асуджаны на 3 гады і адбыў за кратамі год і месяц. Заўваг ад турэмнай адміністрацыі ў яго няма, і таму, мяркую, ён цалкам можа разлічваць на амністыю», — сказаў «Свабодзе» адвакат Зміцер Гарачка.
Нагадаем, амерыканскі грамадзянін
Эмануіл Зельцэр асуджаны паводле абвінавачання ў камерцыйным шпіянажы і спробе падробкі дакументаў.
Пакаранне Зельцэр адбывае ў магілёўскай калоніі. Сваякі амерыканца мяркуюць, што ён стаў ахвярай барацьбы за спадчыну заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, на частку якой нібыта прэтэндуе расійскі алігарх‑уцякач Барыс Беразоўскі.
Спадар Беразоўскі абвінавачанні ў датычнасці да справы Зельцэра абвяргае. Урад ЗША неаднаразова заклікаў кіраўніцтва Беларусі на падставах гуманнасці вызваліць Эмануіла Зельцэра, які мае шэраг хранічных захворванняў.