15 красавіка вечарам кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі атрымала адказ з Міністэрства юстыцыі, што іхняя партыя зарэгістравана не будзе. Афіцыйная прычына — неадпаведнасць пададзеных дакументаў вынікам апытання, што праводзіў Мін’юст.
«Нехта з супрацоўнікаў Міністэрства тэлефанаваў заснавальнікам БХД і задаваў блізу 10‑15 пытанняў адносна правядзення з’езду. Вось пытаюцца: колькі было чалавек на пасяджэнні ў вашым раёне? Кажаце, дваццаць? Але ж іх было трыццаць. А колькі чалавек вылучалі на з’езд? Чатыры? А па дакументах пяць. Вось на такіх рэчах і была абгрунтавана адмова», — кажа сустаршыня БХД П.Севярынец.
Паводле палітыка, за час, калі дакументы былі пададзены ў Мін’юст,
міліцыянты, кадэбісты, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў райвыканкамаў паставілі амаль 30 сябрам БХД умовы, ці ўдзел у партыі, ці праца. Але ніхто не адмовіўся ад удзелу ў хадэцыі.«Гэта засведчыла той факт, што партыя насамрэч існуе», — гаворыць П.Севярынец.
Яшчэ адзін сустраршыня хрысціянскіх дэмакратаў Аляксей Шэін паведаміў, што будзе пададзена скарга на рашэнне Мін’юсту ў Вярхоўны суд. А ў бліжэйшую суботу кіраўніцтва БХД прыме рашэнне, ці праводзіць новы ўстаноўчы з’езд, ці працаваць без рэгістрацыі.
«Нам больш важнае прызнанне людзьмі, а не Мін’юстам», — кажа А.Шэін.«Мы не баімся 193‑га артыкулу крымінальнага кодэксу («удзел у незарэгістраванай арганізацыі» — «НН»). Будзем працаваць як раней», — працягвае П.Севярынец.
Бліжэйшым часам БХД плануе запусціць у 30 гарадах Беларусі новую ініцыятыву «Наш адказ крызісу». Прэзентацыя адбудзецца ў панядзелак.
«БХД баяцца. Бо гэта рэальны выклік уладам, маральнай дэградацыі грамадства, знішчэнню нацыянальных каштоўнасцяў», — падсумоўвае П.Севярынец. Разам з тым, ён падкрэслівае, што БХД гатова супрацоўнічаць з уладамі па барацьбе з алкагалізмам, акультызмам, барацьбе з абортамі. І некаторых вынікаў ужо атрымліваецца дасягаць разам.
На пытанне, ці звязваецца ў адзін ланцужок нерэгістрацыя БХД і вызваленне Дубскага, Севярынец адказаў:
«Учора таксама ішла Ліга чэмпіёнаў. І падобна, як у футболе, улады паспрабавалі зраўняць лік, зрабіць яго 1:1. Паказаць да прыезду Шварцэнберга, што назіраюцца і станоўчыя моманты».