Знаўцы старажытнага інструмента і аматары традыцыйнага фолку збяруцца сёлета на штогадовым міжнародным «Дударскім фэсце».

Адкрыццё фестывалю адбудзецца ў сталічным клубе «Рэактар» 24 красавіка, а заключны канцэрт пройдзе 28 красавіка ды ўпершыню пад адкрытым небам.

Прадзюсар фестывалю Зміцер Сасноўскі кажа, што з’явіўся гурт Litvintroll, які прынцыпова выкарыстоўвае беларускія народныя дуды і спалучае іх з рокам.

«На канцэрце фэсту ім будзе аддадзеная цэлая гадзіна, каб гурт меў магчымасць пазнаёміць слухачоў са сваім новым альбомам».

Другое адрозненне фестывалю ў тым, што ў праграме з’явіўся папулярны і нават папсовы гурт, як сцвярджаюць самі музыкі. Гурт «ESPRIT» разам з дударом Алесем Чумаковым выканае тры кампазіцыі, дзве з іх з шатландскай дудой, адну — з беларускай.

Кожны год на фестываль прыязджае новы замежны калектыў. Сёлета завітае гурт «Kapela ziele» з Познані, а ў заключны дзень разам з гуртом «Келіх Кола» зайграе джэм‑сэйшн музыка Рунэ з дацкага сярэдневечнага гурта «GNY».

Асноўнай разынкай для аматараў сярэднявечча і беларускай традыцыі будзе апошні дзень, 28 красавіка

Упершыню ў гісторыі «Дударскага фэсту» адбудзецца канцэрт на адкрытай пляцоўцы —
.

Пройдзе ён з 13.00 да 19.00 у фальварку «Дудуткі».

«Мы запрасілі рамеснікаў, будзе працаваць нацыянальная кухня, можна будзе пакаштаваць нацыянальныя напоі. Турыстычныя фірмы абяцалі прывезці на фестываль турыстаў», — распавядаюць арганізатары.

На думку Змітра Сасноўскага, канцэрт пад адкрытым небам — унікальная магчымасць паслухаць, як гучаць і як сябе паводзяць беларускія дуды на адкрытым паветры. «Напрыклад, — кажа музыка, — на дударскіх фэстах у Англіі і Шатландыі ёсць нават выпрабаванне — тры гадзіны дудар мусіць граць на адкрытым паветры, каб паказаць, што яго дуда — прафесійная».

Трэці год запар у межах «Дударскага фэсту» адбудзецца навуковая канферэнцыя. Па традыцыі месцам сустрэчы дудароў стане хутар старэйшага майстра Алеся Лася.

Сярод удзельнікаў сёлетняга «Дударскага фэсту»: «Стары Ольса», «Testamentum terrae», «Расалія», «Ceilidh Ceol», «ESPRIT», «Келіх кола», Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі і гурт «Дзевясіл», «Kapela ziele» (Польшча), гурт «Гістрыён».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?