Суд Першамайскага раёна Мінска 16 красавіка адмовіўся задаволіць скаргу актывіста апазіцыі Змітра Хведарука
, прымусова закліканага ў армію, паведаміў БелаПАН праваабаронца Вячаслаў Сіўчык. Паводле яго слоў, Д.Федарук мае намер абскардзіць рашэнне суддзі Наталлі Петух у вышэйшай інстанцыі.

28 студзеня Д.Федарук быў затрыманы ў сваёй кватэры, а на наступны дзень медкамісія прызнала яго прыгодным да ваеннай службы. Пазней ён быў дастаўлены ў вайсковую часць № 18662 транспартных войскаў у Жодзіне (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). 24 лютага яму была зроблена аперацыя ў сувязі з варыкозным пашырэннем вен. Цяпер Д.Федарук знаходзіцца на лячэнні ў шпіталі ў Печах.

Пасля завяршэння судовага працэсу быў затрыманы актывіст міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія) Алесь Любянчук, які здымаў працэс на відэакамеру. Непасрэднай падставай для затрымання стала здымка А.Любенчуком невядомага ў цывільным, які, у сваю чаргу, здымаў удзельнікаў працэсу. Пры затрыманні малады чалавек быў збіты, зазначыў В.Сіўчык.

А.Любенчука даставілі ў Першамайскі РУУС, але з‑за пажару ў будынку міліцэйскага ўпраўлення яго змясцілі спачатку ў размешчаны побач будынак выцвярэзніка, паведаміў В.Сіўчык. Пасля таго як пажар быў патушаны, актывіста перавялі ў дзяжурную часць УУС. У дачыненні да яго складзены пратакол за дробнае хуліганства. Суд пройдзе 17 красавіка.

Да будынка РУУС прыбыў фотарэпарцёр Уладзімір Грыдзін. Ён паспеў зрабіць толькі адзін здымак і быў затрыманы. Пасля яго адпусцілі. У.Грыдзін мае намер падаць скаргу ў пракуратуру ў сувязі з затрыманнем і збіваннем.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?