Беларускія кампаніі, якія працуюць з расійскімі партнёрамі, атрымаюць прэферэнцыі пры дзяржзакупках у Расіі, і, магчыма, дзяржпадтрымку, заявіла 16 красавіка кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Эльвіра Набіуліна на сустрэчы з прэм’ер‑міністрам Уладзімірам Пуціным.

Пра гэта паведамляе РІА Новости.

Набіуліна нагадала пра загад міністэрства, які ўстанавіў цэнавыя прэферэнцыі пры дзяржзакупках для расійскіх тавараў па вызначаным пераліку ў 15%. «Цяпер мы ўносім змяненні ў загад і распаўсюджваем такія прэферэнцыі на прадукцыю шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія найперш працуюць у кааперацыі з расійскімі кампаніямі. Там вялікая доля камплектацыі ад расійскіх кампаній», — сказала Набіуліна. Гэта значыць, патлумачыла яна, расійскі бок адначасова будзе дапамагаць бізнесу ў абедзвюх краінах. «Апрача таго, мы ўзгаднілі з беларускім бокам пералік кампаній, якія можна разглядаць як прэтэндэнтаў на распаўсюджванне мер дзяржпадтрымкі. Гэта кампаніі, якія знаходзяцца ў цеснай кааперацыйнай сувязі», — сказала міністр.

Набіуліна паведаміла, што з Беларуссю ідуць перамовы аб тым, як выстройваць адносіны ў сферы развіцця лізінгу. «Для нашых краін і рынкаў гэта вельмі важна. Мы дамовіліся з беларускім бокам, што будзем рабіць гэта на парытэтным пачатку, — паведаміла кіраўнік Мінэканамразвіцця. — Так што мы план выконваем».

«Усе ранейшыя дамоўленасці, усе ранейшыя прэферэнцыі, якія былі ўзгоднены, працуюць дагэтуль?» — удакладніў Пуцін. «Нічога не мянялася», — пацвердзіла Набіуліна.

«Безумоўна, ёсць цяжкасці з атрыманнем банкаўскіх крэдытаў, але яны ёсць і ў нашых кампаній. Гэта агульная сітуацыя», — заўважыла міністр.

Як сказала Набіуліна, паводле даных статыстыкі, за студзень—люты Беларусь выйшла на першае месца як гандлёвы партнёр сярод краін СНД. Яна нагадала, што раней першае месца займала Украіна, другое — Беларусь.

«А сярод усіх партнёраў Беларусь перамясцілася з шостага на мятае месца, хоць у цэлым тавараабарот, на жаль, падае», — паведаміла яна.

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0