Добры дзень, паважаная «Наша Ніва».
Вітаю вас усіх імем Госпада Ісуса Хрыста!
Хачу перадаць пасланьне людзям, лёс якіх мяне як верніка асабліва непакоіць.
Мікалаю Аўтуховічу:
Я разумею, што гэты твой учынак – апошняя мера пратэсту супраць беззаконьня, але памятай, што Бог за цябе і за такіх, як ты. Ён цябе падтрымае, калі на тое Яго воля, ты застанесься жывым і здаровым. Ты, братка – аўганец, ужо памілаваны Богам, імя тваё ўжо запісана на нябёсах, галоўнае – ня траць веры, такія людзі, як ты, патрэбны нашай Беларусі.
Паўлу Севярынцу:
Ты знаходзісься ў такіх абставінах, што толькі Бог адзін дапаможа. Ты жывеш з Богам, Ён цябе абараняе і абароніць ад усялякай пошасьці.
Данііла кінулі ў яму з галоднымі львамі, а Гасподзь зачыніў пашчы іхнія, яны хадзілі каля яго і не зачапілі (Данііл гл. 6).
Ад мяне і ад сям’і Майсяёнкаў табе прывітаньне, здароўя, веры, вытрымкі табе. Молімся за вас, за нашу Беларусь, за ўрад, парлямэнт, за кожную душу, каб Імя Божае засьвяцілася на нашай зямлі.
Моладзі, якая трымала галадоўку:
Вера ў вас большая, чым у тых, хто б’е сябе ў грудзі і крычыць, што ён за Айчыну. Хрыстос сказаў: «Калі ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Цаства Нябеснае» (Мацьв. 18:1–5). Хай Бог беражэ ваша здароўе фізычнае, веры вам, шчасьця.
Артуру Фінькевічу:
Апостал Хрыста Ян Багаслоў быў сасланы на востраў Татмас, і яму ад Бога было адкрыцьцё, дзе паказана была будучыня для прапаведнікаў. Ты, Артур, ня бойся, усё гэта часова, а наперадзе ў нас – вечнае жыцьцё і новая Беларусь, цывілізаваная, мірная краіна з Богам у сэрцы. Вер, ды па веры чалавека даецца яму.
Усім людзям Добрай Волі, Веры і Свабоды:
Тры габрэйскія юнакі былі загнаныя ў распаленую печ і выйшлі адтуль некранутыя. Бог – наш шчыт і заступнік (Данііл гл.3; Псальмы 26; 27; 22; 30; 32:10–18; 34; 63; 79; 90; 93; 105; 108; 118; 132; 145; 150; Эфэсянам гл. 6:10–13).
За намі – Бог, і гэтым усё сказана.
Ласка Божая хай будзе з вамі і з нашай Бацькаўшчынай. Жыве Беларусь!
Брат у Хрысьце, беларус Сяргей, ваш чытач зь Бягомлю