Міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства, які мае прайсці ў Празе 7 траўня.
Але беларускі кіраўнік пакуль не даў ніякага адказу. Пра гэта Карэл Шварцэнберг паведаміў на сустрэчы з беларускімі журналістамі.
Таму пытанне, хто возьме ўдзел у саміце Усходняга партнёрства ў Празе (Лукашэнка, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў) застаецца адкрытым.
Гэта вырашыцца цягам наступных дзён.
***
Карэл Шварцэнберг. Фота Юліі Дарашкевіч
Карэл Шварцэнберг з беларускім калегай Сяргеем Мартынавым. Фота Юліі Дарашкевіч
Беларусь у стане самастойна наладзіць добрыя адносіны з ЕС, без пасрэднікаў.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам.
«Будучы зацікаўленымі ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам, мы не раз заяўлялі, што не маем патрэбы ў пасрэдніках у адносінах паміж Беларуссю і ЕС. Мы самі ў стане, калі такое жаданне будзе з боку Еўропы, наладзіць добрыя адносіны паміж Беларуссю, якая з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай, і Еўропай», — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што ўсе ў Беларусі зацікаўлены ў наладжванні нармальных адносін з ЕС. «Апошнім часам чуваць галасы, у асноўным, вядома, адсюль, звернутыя да вас, што Лукашэнка, маўляў, падманвае Еўропу, нешта абяцае, а потым не выканае.
Вы павінны дакладна ведаць і разумець: усё, што мы абяцаем, — няўхільна выканаем, тое, што не можам зрабіць, — мы адразу скажам, што зрабіць не можам і не будзем, і растлумачым чаму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама дадаў, што рады бачыць у Мінску прадстаўніка Чэхіі — «не чужой нам краіны», тым больш прадстаўніка ЕС і дзяржавы, якая старшынствуе цяпер у Еўрасаюзе.
У сваю чаргу Карэл Шварцэнберг пацвердзіў, што для дыялога Беларусі і ЕС не патрэбны пасрэднікі, бакі могуць пра ўсё дамовіцца самі. Ён адзначыў прагрэс у выбудоўванні гэтых адносін і запэўніў, што тыя праблемы, якія існуюць, бакі ў стане вырашыць разам.
«Для нас Беларусь — еўрапейская краіна і заўсёды ёю была. Адзінае, у чым мы павінны пакласці новы старт, — гэта адносінам паміж Беларуссю і Еўрасаюзам»,— сказаў міністр замежных спраў Чэхіі. Ён таксама дадаў, што ідэя «Усходняга партнёрства» заключаецца ў неабходнасці ўстанавіць больш інтэнсіўныя адносіны.