Мінулая пятніца ашаламіла айчынны палітычны бамонд дзвюма навінамі. Па-першае, патомны арыстакрат граф Шварцэнберг, міністр замежных спраў Чэхіі, выканаў ролю паштара і прывёз-такі беларускаму афіцыйнаму кіраўніку запрашальнік у Прагу (нават не чытаўшы, як высветлілася, той ліст). Па-другое, стала вядома, што літаральна днямі Лукашэнка, учорашні ізгой Еўропы, можа сустрэцца ў Ватыкане з пантыфікам. Адвал мазгаўні!

Жыццё нястомнае на парадоксы. Хто б мог падумаць, што збліжэнне Беларусі з Еўропай пачнецца не па прыгожым сцэнары адэптаў ідэі, а вось так — цераз запрашальнік «апошняму дыктатару», які шмат гадоў бэсціў гнілы Захад? Яшчэ болей — што на лаўры пасярэдніка ў дыялогу канфесій замахнецца візітам да папы рымскага не хто іншы, як колішні «праваслаўны атэіст».

Але гісторыя не цярпіць умоўнага ладу. Маем тое, што маем.

Апеляцыі знакавых апазіцыйных фігур, каб Еўропа не наступала на граблі, не спрыяла легітымацыі самі-ведаеце-якога рэжыму, аказаліся марным лямантам у пустыні.

Людзям, што шмат пацярпелі ад гэтай улады за свае погляды ды і проста не трываюць на дух яе хамства, калгаснасці, — натуральна, крыўдна, што яны сёння фактычна па-за гульнёй. А вось злы геній, архітэктар жорсткай аўтарытарнай сістэмы, ні на ёту не змяніўшыся, будзе каралём тусавацца сярод палітычнай эліты Старога свету! Зрэшты, агортвае крыўда і на тую эліту, што банальна прадынаміла заслужаных змагароў з дыктатурай. І насамрэч — гнілы Захад, халера яго бяры! Філістэрскае нутро!

Калі ж сур’ёзна, то крыўда — не палітычная катэгорыя.

У прыватнасці, маральныя інвектывы на адрас дзеячаў Еўразвязу («здрадзілі дэмакратыі» і г.д.) прыводзяць толькі да таго, што візіцёры — і Салана, і цяпер вось Шварцэнберг — дэманстратыўна пазбягаюць кантактаў з лідэрамі АДС. Маўляў, не вучыце дзядуляў кашляць!

Ну і наконт легітымацыі.

Паліталогія вучыць, што галоўны складнік легітымнасці ўлады — унутраны. І фармуецца гэная легітымнасць у галовах айчыннага люду. Прасцей кажучы, пакуль народ нейкую ўладу пагаджаецца трываць — яна легітымная, колькі ні кляймуй яе ў пракламацыях як антынародную.

Сёння ж, хоць крызіс і напружыў грамаду, рэйтынг правадыра застаецца тэфлонавым. І нават жаданне кардынальных перамен у краіне, як сведчыць незалежная сацыялогія, не асацыюецца ў свядомасці масы з патэнцыялам тытульнай апазіцыі: болей тых, хто лічыць, што перамены хутчэй здольная ініцыяваць улада. Эканамічныя нягоды актуалізуюць пакуль што толькі парадыгму «выжывай хто як можа», а не бунтарскія настроі.

Карацей, аб выспяванні гронак гневу казаць не выпадае. (Асобнае пытанне: а дзе мы апынемся, калі раптам грымнуць забурэнні? Я не ўпэўнены, што пуцяводнай зоркай у такім гіпатэтычным форс-мажоры стане «Малая канстытуцыя» АДС і што на царства паклічуць лідэраў тытульнай апазіцыі.)

Дык чаго ж хацець ад замежжа? У Еўразвязу — свае інтарэсы, і геапалітычныя, і эканамічныя, што не могуць трываць да часоў светлай дэмакратычнай будучыні ў Беларусі.

Вось і мусіць Брусель ладзіць дачыненні з тым, хто рэальна кантралюе краіну. Прычым Еўропа падкрэслівае, што ад дэмакратычных каштоўнасцей і ад падтрымкі грамадзянскай супольнасці не адракаецца.

Еўразвяз проста адклаў убок той інструментарый (санкцыі, ізаляцыя і г.д.), які за дзесяць гадоў не даў плёну. Калі не лічыць, што сінявокая рэспубліка толькі мацней падсела на расійскую іголку.

Натуральна, няма ніякай гарантыі, што новы план — спакваля размагніціць дыктатуру праз уцягненне ў сілавое поле Еўропы — спрацуе. Гэта стане бачна толькі праз гады.

І сюжэт, між іншым, варыянтны. У тым ліку ён залежыць ад гнуткасці дэмакратычных сіл у самой Беларусі. Ад іх здольнасці перабудавацца канцэптуальна ды арганізацыйна, адаптавацца да вось гэтых парадаксальных рэалій. І раскалупаць тыя трэшчыны, што непазбежна будзе даваць сістэма — ужо пад адным толькі ціскам фінансава-эканамічнага крызісу.

Карацей, шлях адзін: спыніць скаргі на еўрапейскае кідалава (хаця наконт «дарожнай карты» варта праядаць Бруселю плех і надалей:) — і вучыцца спрытна, а ў пэўным сэнсе і хітра, гуляць на ўнутраным полі.

Дзеля кантрасту ўявім сабе: Еўропа пачула апеляцыі, аднавіла санкцыі, зноў заблакавала заходні кірунак для Мінска. Хто выйграе?

Ці ўпадзе заўтра нялюбы рэжым пад ударамі акрыленых змагароў? Або, наадварот, ён, ашалеўшы, дадзяўбе ўcё, што варушыцца, і пачне кавалкамі здаваць краіну Маскве? Прапаную ўзважыць імавернасць двух сцэнароў.

Што ж да жарсцяў вакол запрашэння Лукашэнкі ў Прагу, то, па-першае, яшчэ невядома, ці паедзе. Ёсць цэлы шэраг «але», пачынаючы ад нежадання дражніць расійскага мядзведзя і канчаючы версіяй, што саміт зладзяць на ўзроўні міністраў замежных спраў.

Па-другое, праблема ўвогуле штучна драматызаваная. Тут шмат асабістых эмоцый. Калі ж абстрагавацца, то

лагічна разглядаць гэта як запрашэнне Беларусі. І тады зразумелая опцыя «без аніякіх папярэдніх умоў». Бо Беларусь паводле змоўчання ёсць часткай еўрапейскай цывілізацыі. Таму вяртанне яе ва ўлонне Старога свету, выпраўленне гістарычных вывіхаў — гэта звышзадача. І хай гэты шлях пачынаецца як мага хутчэй — «хоць тушкай, хоць чучалам», як у тым анекдоце :)

Можна сказаць і так: хай гэты шлях пачынаецца, пакуль не позна. Скажыце, вы вось верыце ў філантрапічныя матывы Расіі, якая, са слоў Пуціна, гатова і надалей даваць крэдыты нягледзячы на пагрозлівы для Беларусі ўжо зараз цяжар пазык?

«Праз два месяцы ўсе забудуць, быў ці не быў Лукашэнка ў Празе», — сказаў у размове са мной аналітык Валер Карбалевіч. На яго думку, праблему запрашэння афіцыйнага лідэра на гэты саміт разадзьмулі.

Зрэшты, як зазначае, у сваю чаргу, палітолаг Андрэй Фёдараў, «можна зразумець пачуцці тых, хто катэгарычна выказваецца супраць гэтага кроку. Але варта нагадаць, што Савецкі Саюз быў у значна большай ступені дыктатарскім рэжымам. Тым не менш Брэжнеў ездзіў па ўсім свеце і сустракаўся, напрыклад, з лідэрамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, ФРГ».

Эксперт сумняваецца, што Лукашэнка паляціць у Прагу. Хаця б таму, што сёй-той з еўрапейскіх праціўнікаў абяцаў яму ў такім выпадку «варыянт Мугабэ» (па аналогіі з абструкцыяй, наладжанай афрыканскаму дыктатару некалькі гадоў таму ў Партугаліі). А пачынаць еўрапейскі тур з халоднага душу не хочацца.

Дадамо: куды больш эфектным можа стаць візіт у Ватыкан. Чакаецца сенсацыйная сустрэча Лукашэнкі з папам рымскім. Зноў жа: як бы хтосьці ні ставіўся да персоны візіцёра, але

для поліканфесійнай Беларусі гэта стане сімвалічнай падзеяй. І таксама падкрэсліць яе гістарычную духоўную сувязь з Еўропай. А ўжо айчынным каталікам дык сто пудоў горш не стане. І наогул гэта спрацуе на ўмацаванне талерантнасці ў нашым грамадстве.

Што ж да «Усходняга партнёрства», то, са слоў Фёдарава, «пакуль цяжка гаварыць аб ягонай светлай будучыні»: занадта ўжо сур’ёзныя праблемы паўсталі перад Еўразвязам, як, урэшце, і перад усім светам. «Але праграма дае Беларусі шанец наблізіцца да аб’яднанай Еўропы, — лічыць эксперт. — Хоць з шэрагу прычын гэты шлях наша краіна будзе праходзіць цяжка і марудна».

Такім чынам, непараўнальна важнейшым, чым персанальнае прадстаўніцтва ў Празе, ёсць сёння пытанне аб тым, наколькі эфектыўным акажацца ўдзел Беларусі ў новай праграме Еўразвязу.

З аднаго боку, яны там у Бруселі і самі пакуль што туманна ўяўляюць, як гэта будзе працаваць. З іншага боку, зразумела, што беларускае кіраўніцтва паспрабуе выкалупваць з праграмы, як разынкі з булкі, толькі «прагматычныя» моманты (не вучыце жыць, а лепей дапамажыце матэрыяльна!).

Лукашэнка можа аддаць перавагу рэдукаванаму фармату, каб толькі не саступаць ў тых пытаннях, што спрабуюць накінуць так нялюбыя яму «пасярэднікі» з апазіцыі. Але крызіс і ціск Расіі будуць змушаць да пэўных саступак «цераз не хачу», бо еўрапейскае апірышча сёння для Мінска жыццёва важнае.

І тут таксама — поле для палітычнай гульні. Варта прыглушыць шэкспіраўскія жарсці і паварушыць глуздамі. У прынцыпе, усё толькі пачынаецца.

І, дарэчы,

паводле НІСЭПД, за адзін квартал, ад снежня да сакавіка, доля прыхільнікаў уваходжання Беларусі ў Еўразвяз вырасла на пяць працэнтных пунктаў. Адпаведна зменшыўся працэнт адэптаў «братняга яднання» з Расіяй. Еўрапейскі трэнд, хай сабе і кволы, ужо дае плён, спакваля ўплывае на масавую свядомасць.

Магчыма, гэта акурат той выпадак, калі крот гісторыі капае неўпрыкмет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?