Чалавек, як істота дзіўная і супярэчлівая, адвеку жадае немагчымага, прагне нерэальнага, цешыцца з ілюзорнага і пры гэтым хоча мець рэальны грунт пад нагамі. Месьцячы ў памяці рэха-ўспамін пра «залатыя часы», калі ўсе былі роўныя, а жыцьцёвых дабротаў хапала бязьмерна, чалавек схільны параўноўваць «ідэальную эпоху» зь недасканалай і скрушнай сучаснасьцю. Нібыта сымбаль-увасабленьне апошняй і выступае мяжа ў бясконцай множнасьці сваіх іпастасяў: этнічная, палітычная, дзяржаўная, сацыяльная і шмат якая яшчэ. Так, усхвалявана пераймаючыся зь людзкое недасканаласьці, Максім Багдановіч на пачатку Першай сусьветнай прадметна пазначыў праяву, што нібыта нявечыць ідэальны зямны парадак:

    Глядзі, па ўсёй зямлі сьвятой

    Шырокай хваляй залатой

    Бяз краю блішча збожжа мора,

    Цьвітуць лугі, шумяць лясы…

    Так многа ёсьць паўсюль багацтва і красы,

    А людзі нішчацца у голадзе, у зморы

    Ад беднаты, ад цемнаты, Бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы.

    (Максім Багдановіч. «Мяжы»)

Але парадокс акурат у тым і заключаецца, што культура як чынны і неадменны лад жыцьця чалавека па-за межамі і бязь межаў – чыстая фікцыя. Культура пачынаецца менавіта зь мяжы. Гэта можа быць і першая рыска нэалітычнага пэтрогліфа, і першая баразна, што ўздымае векавечны дзірван. Бо мяжа акрэсьлівае і пазначае, выцьвярэжвае, сьцьвярджае і ўсталёўвае сьвет уласна чалавека (культуры). І нават у тыя «залатыя» міталягічныя часы, калі жытні колас рос ад кораня, а сонца сьвяціла круглыя суткі, сам Бог, ходзячы па зямлі, сачыў за тым, каб людзі пільнавалі межы свае. І цяпер яшчэ вушацкія бабулі прыпамінаюць чутае ад дзядоў-прадзедаў: «Хадзіў Бог па зямлі, а чалавек з саломы плот гарадзіў. Бог і гаворыць яму: «Чаго ж ты з саломы робіш? Такі ж плот стаяць доўга ня будзе». А чалавек і кажа: «А што мне надоўга рабіць, я ж заўтра памру». Бо раней жа зналі людзі, калі памруць. Дык Бог узлаваўся на чалавека і зрабіў так, каб людзі ня зналі напярод, калі памруць».

Для беларуса на працягу доўгіх стагодзьдзяў слова «мяжа» было пазбаўлена абстрактных сэнсаў, бо азначала вузкі шнур неўзаранай зямлі, што акрэсьліваў ягоныя палеткі, яго зямную долю, спадчыну і кон. У гэтым сэнсе, абавязковы штовеснавы абход гаспадаром сваіх межаў – «агледзіны» – быў працэдурай далёка не фармальнай. Убраўшыся ў сьвяточную кашулю, патыркаючы па краях свайго поля сьвянцоную вярбу, чалавек браў за ўзор ня звычкі панскага аканома ці «жыда-рандатара», але меў уваччу вобраз вышэйшы і сакральны: «Сьвяты Мікола пайшоў у поле, / Пайшоў у поле і па межах ходзіць, / Па межах ходзіць, Бога просіць: / Дай жа, Божа, і жыта і ярыны, / І жыта і ярыны – горы і даліны».

Але нават калі на мяшчанскіх вулках, а затым і сялянскіх падворках пачаў павяваць сьвежы ветрык беларускага нацыянальнага самаўсьведамленьня, рытуальны абход сваіх межаў ня страціў сваёй значнасьці. Наадварот. Бо цяпер межы Бацькаўшчыны цягнуліся не ад «Чорнага азяра» да «Міколавай амшарыны», але разьлягаліся ад Вільні і Беластоку да Смаленску і Невелю, як гэта засьведчыў акадэмік Карскі, што сабраў усе нашы «аканьні», «дзеканьні», «цеканьні» і шчодра аздобіў імі мапу Эўропы ў самым яе сэрцы. Тыя этнаграфічныя межы яшчэ няможна было замкнуць ад драпежнікаў на беларускі дзяржаўны замок – сама дзяржава толькі паўставала. Іх можна было толькі агучыць словам, мацаваць уласным духам і праўдзіць асабістым учынкам – усё тымі ж «агледзінамі»:

    І ў белы дзень і ў чорну ноч

    Я ўсьцяж раблю агледзіны,

    Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,

    Ці трутнем ён ня зьедзены.

    (Янка Купала. «Спадчына»)

Знакава, што радкі гэтыя Купала напісаў у 1918 годзе, калі канавалася дзяржаўная доля Радзімы, калі веснавой Дабравешчанскай грымотай на сполах усім хцівым суседзям прагучалі залатыя словы беларускай нацыянальнай ідэі: «Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губэрняў, заселеныя беларусамі». Але як церпіць этнічнае цела, калі яму не стае нацыянальнага духу і дзяржаўнае моцы! Не ўпільнавалі мы сваіх межаў і назаўжды страцілі братоў па крыві. Неаднакроць бываючы на Невельшчыне, Себешчыне і Смаленшчыне, са скрухай і болем пераканаўся, што тамтэйшая прыродная беларушчына і парадак незваротна спляжаныя расейскім молахам савецкага разьліву. Там даўна ўжо не гародзяць платоў. Нават з саломы…

Не ставала нам моцы, і таму ў XX стагодзьдзі (як, дарэчы, і ў XVIII) былі мы аб’ектам чужых злачынных межаваньняў. Рэзалі па-жывому, хто і як мог.

У 1918-м Расея прысвоіла Віцебшчыну і Магілёўшчыну. У 1921-м у Рызе маскоўцы і палякі згулялі ў «ножычкі» бяз нас, адцяўшы Заходнюю Беларусь на карысьць чарговай Рэчы Паспалітай. Увосень 1939-га сьвяткавалі ўжо літоўцы, атрымаўшы ад Крамля нечуваны падарунак у выглядзе Вільні і Віленскага краю. Па вайне адрэзалі, не спытаўшы, Беласточчыну… І нават у напаўрасьцягнутай беларускай хаце бальшавік-прыхадзень руйнаваў адвечныя нашы парадкі, сьцягваючы хутары ў калгасы і крэсьлячы новыя межы для беларускіх паселішчаў: СібЛАГ, КатЛАГ, Курапаты. Але ж, вядома, па калгасных межах сьвяты Мікола ня ходзіць і жыта там дагэтуль буяе толькі прыпіскамі.

Як паказвае гісторыя, простае перайменаваньне этнічнай прасторы ў дзяржаўную (нацыянальную) непасрэдна не прыводзіць да фармаваньня нацыі на гэтай зямлі. Беларусь нацыянальная пачынаецца з таго, як межы «свайго» і «чужога» высьпяваюць і выцьвярэжваюцца ў сьвядомасьці і сьветаглядзе тых, хто шчыра лічыць сваю Радзіму, Свабоду, Мову грунтам асабістай (калектыўнай) адметнасьці і годнасьці, але ніяк не этнаграфічнай данасьцю-экзотам.

І нізка тэзісаў Вацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?», што ўбачыла сьвет у тым жа лёсавызначальным 1918 годзе, – гэта ня «песьня жальбы» якой-кольвечы сучаснай дэмакратычнай кааліцыі – гэта нацыянальны імпэратыў, па-за межамі якога беларусаў чакае адно небыцьцё ў вірлівым і драпежным сьвеце: «Мы гардзімся, што мы Беларусы! Мы горды са свае мовы! Мы горды са свае песьні! Мы горды са свайго народу! Мы горды са свае гісторыі! Мы горды за сваю родную зямлю!» Словы гэтыя маюць і зваротнае прачытаньне: ты запалохваеш і па-хамску прыніжаеш свой народ, абзываеш яго «расейцамі, толькі са знакам якасьці»? Ты ганьбіш родную мову і прылюдна зьдзекуесься зь яе? Ты стаптаў у бруд нашы сымбалі, парушыў уласныя клятвы берагчы іх і ўслаўляць на ўвесь сьвет? Ты зьневажаеш гісторыю нашу, а значыць, і продкаў, бо табе даражэйшая «Лінія Сталіна»? Дык у гэтым выпадку імя табе, як сьцьвярджае Власт, толькі адно – «здраднік, душапрадаўца». А здрада – гэта найцяжэйшае ліхадзейства, якое толькі ведаюць людзі. І як пераступіў ты гэтую апошнюю мяжу, не адмыцца табе да скону.

На мяжы тысячагодзьдзяў мы зноў апынуліся на лёсавызначальных ростанях. Чарговы раз у нас спрабуюць адабраць наша кроўнае спадчыннае права на Радзіму, Свабоду і Мову. Вар’яцкія дэкрэты і ўказы імкнуцца абмежаваць, адмежаваць і разьмежаваць нас, падмяніць Наш Сьвет пагібельнай рэзэрвацыяй, імя якой – Краіна Боязі. Межы гэтай краіны – апошні рубеж сатрапіі – такія ж трывалыя і надзейныя, як і «Лінія Сталіна».

Муры, збудаваныя на жывёльным страху страціць уладу, разваляцца, як толькі мы адолеем боязь у саміх сабе.

Варта помніць, што сытуацыя памежжа – гэта сытуацыя выбару, які ніхто і ніколі не перашкодзіць табе зрабіць, калі ты наважыўся на яго сам. Стаяць на мяжы – мець заўсёдную адказнасьць за словы свае і ўчынкі. Дык выбірайма ж Беларусь, каб не застацца па-за мяжою!

Полацак

28.11.2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0