Беларускія ўлады спадзяюцца, што 9 траўня зноў стане Днём перамогі. У гэты дзень у швейцарскім Берне вызначыцца, хто атрымае права на правядзенне чэмпіяната свету па хакеі ў 2014 годзе. Нашыя канкурэнты – Латвія, Венгрыя і Украіна.

У размове з карэспандэнтам «НН» генеральны сакратар Федэрацыі хакея Беларусі Сяргей Ганчароў паведаміў, што згодна з бюджэтам выдаткі на правядзенне чэмпіянату павінны скласці каля 10 мільёнаў еўра. Для параўнання, бюджэт сёлетняга чэмпіяната свету ў Швейцарыі ўдвая большы – каля 20 мільёнаў. Вядома ж, гэтыя лічбы не ўлічваюць кошты будаўніцтва новых хакейных стадыёнаў.

У беларускую заяўку ўключаныя дзве арэны. Асноўнай будзе «Мінск‑арэна» на 15 000 месцаў. Другая – «Чыжоўка‑Арэна», якая павінна змясціць 8 000 чалавек. Яе будаўніцтва яшчэ не пачыналася. Праект нямецкіх архітэктараў узяліся фінансаваць інвестары з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, але далі «адбой». Цяпер будаўніцтва лядовай арэны ці то перададуць былому дырэктару «Ждановічаў» Яўгену Жыгалаву, ці то знойдуць новых інвестараў.

Беларусь ужо двойчы прэтэндавала на правядзенне чэмпіянату, ды няўдала. Цяпер супернікі не такія моцныя, і сітуацыя выглядае больш аптымістычна. Латвія праводзіла чэмпіянат зусім нядаўна, а Украіна падае заяўку толькі ў першы раз. На іх фоне Беларусь і Венгрыя выглядаюць фаварытамі.

Праўда, чэмпіянатам свету па хакеі, якія праводзяцца штогод, дастаецца менш увагі хакейных заўзятараў, чым зімовай Алімпіядзе. Усё ж званне алімпійскага чэмпіёна нашмат больш прэстыжнае. Відаць, некаторыя зоркі хакея абмяжуюцца ўдзелам толькі ў Алімпіядзе, якая ў 2014 павінна прайсці ў Сочы, і ўсё роўна не даедуць да Мінска. Тым не менш беларускія арганізатары катэгарычна адмаўляюць другаснасць турніру.

Уладзімір Навумаў, які быў адным з самых актыўных прапагандыстаў ідэі «Мінск‑2014», усё яшчэ захоўвае за сабой пасаду старшыні Федэрацыі хакея Беларусі. Навумаў заявіў, што ягоны лёс канчаткова вырашыцца у сярэдзіне траўня. Атрымліваецца, якраз пасля вырашэння хакейных перспектыў.

Калі Мінску ўсё ж даручаць праводзіць чэмпіянат, несумненна, для Беларусі гэта будзе нешта накшталт нацыянальнага праекту. Для ўладаў гэта магчымасць прадэманстраваць усяму свету сваю цывілізаванасць. На фоне паляпшэння адносінаў з Захадам чэмпіянат можа стаць своеасаблівым падарункам Беларусі. Зрэшты, нават пры паразе ў спаборы ў гэты раз заяўкі будуць падавацца зноў і зноў.

Правядзенне чэмпіянату – магчымасць упершыню напоўніць жыхарамі элітныя гатэлі беларускай сталіцы ды стварыць сетку недарагога жылля для небагатых турыстаў, якім усё што трэба – дык дах над галавой. Напрыклад, на чэмпіянат свету 2006 года ў Рыгу прыехала 300 тысяч турыстаў, хоць арганізатары чакалі яшчэ больш.

У пяцізоркавыя гатэлі (кшталту «Еўропы» і будучага хмарачосу «Кемпінскі» на Кастрычніцкай плошчы) плануецца засяляць хакейных функцыянераў і камерцыйных партнёраў Міжнароднай федэрацыі хакея. Каманды будуць жыць у чатырохзоркавых «Вікторыі», «Краўн Плазе» і «Мінску». Для турыстаў – двух‑, трохзоркавыя гатэлі і хостэлы. Развіццё транспартнай інфраструктуры, стварэнне сеткі дробных аб’ектаў харчавання – усё гэта аргументы на карысць правядзення турніру.

Беларусь спадзяецца акупіць выдаткі, праўда, пакуль не ўдакладняецца, наколькі. Па словах Сяргея Ганчарова, кошт білетаў на гульні мінскага чэмпіяната яшчэ не вызначаўся. Арганізатары будуць вылічваць цэны толькі пасля дазволу на правядзенне чэмпіяната. Спачатку іх мусіць ўсталяваць краіна, якая прымае турнір, потым зацвердзіць Міжнародная федэрацыя хакея, прычым цэны для гаспадароў і замежных гасцей павінны быць аднолькавымі. Гэта непрыемная акалічнасць для арганізатараў: калі здзіраць грошы з турыстаў, прыйдзецца здзіраць і са сваіх суайчыннікаў.

Да канчатковага рашэння сусветнай хакейнай супольнасці засталося два з паловай тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?