Фота ХК «Металург»

Фота ХК «Металург»

Учора з'явілася інфармацыя, што 20 красавіка назіральная рада жлобінскага хакейнага клуба «Металург» датэрмінова спыніла кантракт з галоўным трэнерам каманды Яўгенам Лебедзевым.

Звальненне было досыць нечаканым, бо каманда заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі. А менавіта задача трапіць у прызёры і ставілася перад «ваўкамі» у пачатку сезона. Зрэшты, чуткі пра адстаўку Лебедзева ўсё адно не сціхалі. Асаблівую моц яны набылі, калі «сталявары» ў «сухую» прайгралі паўфінальную серыю гомельскім «рысям».

Варта зазначыць, што «Металург» з’яўляецца адной з найбагацейшых каманд беларускай экстралігі. Грошай на клуб не шкадавалі.

У распаўсюджанай учора інфармацыі казалася, што назіральная рада жлобінскага клубу «Металург» датэрмінова спыніла кантракт з галоўным трэнерам каманды Яўгенам Лебедзевым. Гэта здарылася праз дзень пасля таго, як нехта — гомельская зборная — упершыню абыграў каманду Лукашэнкі.

Паводле чутак, месца Яўгена Лебедзева можа заняць Васіль Спірыдонаў, які нядаўна быў звольнены з пасады трэнера мінскага «Дынама». Сам Спірыдонаў прызнаваўся не так даўно, што да яго праяўляе інтарэс адзін з клубаў беларускай экстралігі.

Дарэчы, не так даўно працу Лебедзева рэзка раскрытыкаваў вядомы галкіпер Сяргей Шабанаў.

Не выключалася, што дадатковым чыннікам у адстаўцы спецыяліста магла стаць перамога хакеістаў Гомельскай вобласці, якой кіраваў Лебедзеў, над камандай Аляксандра Лукашэнкі ў фінальнай сустрэчы аматарскага турніру.

Дагэтуль «аматарскую каманду» Лукашэнкі ў Беларусі не перамагаў ніхто, як ніхто з лыжных чэмпіёнаў не здольны быў абагнаць афіцыйнага кіраўніка на лыжнай дыстанцыі.

49‑гадовы Лебедзеў кіраваў «Металургам» ад 2006 году, з часу стварэння клуба. Да гэтага ён узначальваў мінскія «Легіён», «Керамін», «Цівалі», жлобінскую «Белсталь», ХК «Брэст», ХК «Гомель». Разам з «Керамінам» двойчы выйграваў Усходне‑Еўрапейскую хакейную лігу. Што праўда, залатых узнагарод першынства Беларусі ў настаўніка не было.

Сам Лебедзеў не звязваў свайго звальнення з перамогай над камандай Лукашэнкі.

***

Па абедзе на афіцыйным сайце ХК “Металург” з’явілася абвяржэнне інфармацыі аб звальненні Яўгена Лебедзева.

Паводле дырэктара клуба А.Багарада, ніякіх дакументаў аб адхіленні галоўнага трэнера аформлена не было, хаця кіраўніцтва «турбуе непаважлівы характар і няўменне выслухваць крытычныя заўвагі».

«Кантракт з Яўгенам Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 году. Яму прапанавана выконваць свае абавязкі, нягледзячы на ўсю шуміху, якую ён падняў у СМІ», – гаворыцца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?