У беларускіх лясах распладзілася дзікіх звяроў. Прычынаў некалькі: памякчэла зіма, зменшыўся попыт на пушніну, а таксама абязлюдзелі вёскі.

«Бабровыя ды лісіныя футры нікому непатрэбныя»

Весткі пра тое, што за апошнія гады ў нашых лясах развялося багата дзічыны, прыходзяць з усёй краіны.

«Гарадзеншчына ў гэтым плане не выключэнне», — падзяліўся сваімі назіраннямі супрацоўнік аднаго з мясцовых лясніцтваў, размешчанага на беларуска‑літоўскай мяжы. «У некаторых вёсках дзікі не даюць гародніне вырасці — барануюць усё ўшчэнт», — кажа ён. Завітваюць у вёскі ваўкі, а таксама лісы. Апошніх развялося шмат, часам шалёныя заходзяць у вёску, але не ўсе жыхары спяшаюцца заявіць пра такія выпадкі, проста забіваюць жывёліну ды закопваюць. Бо, кажуць, прыедуць інспектары, будуць правяраць. Карацей, мяркуе мясцовы люд, клопату не абярэшся.

«Барсукоў толькі не пабольшала, бо на іх дзеля карыснага тлушчу палююць. Андатраў стала менш, а вось бабры ў нас тут у кожнай лужыне сядзяць», — смяецца ляснік. Бабры засяляюць любы прыдатны для іх вадаём. Падтопленыя ў выніку іх бурлівай дрэваапрацоўчай дзейнасці тэрыторыі сягаюць некалькіх гектараў. Магчыма, яны і выцеснілі сваіх канкурэнтаў — андатраў, а мо тыя паступова знікаюць натуральным шляхам, бо для нашай тэрыторыі гэтыя жывёліны не зусім характэрныя, мяркуе супрацоўнік лясніцтва.

Прычынаў небывалага прыросту ляснога жыхарства ён называе некалькі — найперш зніжэнне попыту на пушніну: «Бабровыя ды лісіныя футры нікому не патрэбныя». Другая прычына — няўмольнае скарачэнне вясковага жыхарства: «Меншае паляўнічых і браканьераў».

«Літоўскія кабаны палюбілі нашу кукурузу»

Старшыня Астравецкага аддзялення ДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» (БТПР) Іван Мушніцкі прызнае, што дзікіх звяроў стала значна больш, але мае трохі іншы погляд на прычыны гэтага прыросту. «Зімы цяпер цёплыя, снегу выпадае мала, не тое што гадоў пятнаццаць таму — калі платы ў вёсках пад покрывам хаваліся», — кажа Іван Іванавіч.

Дзікі, тлумачыць ён, паўднёвыя жывёлы. Раней, калі снежнае покрыва было глыбокім, дзікам, асабліва маладняку, было складана здабыць зімой корм, што прыводзіла да мору. Цяпер з кормам стала прасцей, таму пагалоўе дзікоў расце год ад году. Найбольш яны палюбілі кукурузу: «Наш раён мяжуе з Літвой, то адтуль на нашу кукурузу набягае каля сотні лычастых «гасцей», прыходзяць і дзікі з Нарачанскага запаведніку — каля 50—60 штук. Любяць дзікі і бульбу».

У рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006—2015 г. супрацоўнікі лясніцтваў ды аддзелаў БТПР ладзяць біятэхнічныя мерапрыемствы ў месцах кармлення дзікіх звяроў узімку: у корм дадаюцца лекавыя прэпараты, якія дапамагаюць маладняку перажыць зіму.

Яшчэ адзін, ці не галоўны, момант — расце культура палявання, цвердзіць І.Мушніцкі. Дзякуючы ўвядзенню ў красавіку 2007 году новых правілаў палявання, колькасць браканьераў істотна змяншаецца. «Раней сезон палявання на буйную жывёлу пачынаўся з 1 кастрычніка і лета фактычна заставалася за браканьерамі, якія білі ўсё запар. Цяпер мы выходзім на паляванне з 15 мая і браканьеры вымушаныя хавацца, а шмат хто з іх легалізуецца, уступаючы ў таварыства», — распавёў старшыня раённага аддзялення. Па яго словах, цяпер паляўнічыя выбіраюцца ў лес пад кіраўніцтвам старшага групы, які ведае адпаведныя нормы. Тых жа дзікоў, шчыльнасць статкаў якіх рэзка павялічваецца, адстрэльваюць згодна адпаведнага ліміту, які змяняецца ў залежнасці ад сітуацыі.

«Цяпер за ўсё трэба плаціць, а паляванне — не танная забаўка, таму трохі і змяншаецца колькасць паляўнічых», — удакладніў Іван Мушніцкі.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0