У ноч на 1 студзеня, прыкладна а 0.30, на тэлеканале Euronews запаліліся чырвоныя літары: «экстраная навіна». Праўда, сам тэлесюжэт падаўся крыху няновым.

Тое, чаго ўсе чакалі ўжо некалькі месяцаў, зьдзейсьнілася. «Газпром» афіцыйна паведаміў аб адлучэньні Ўкраіны ад паставак газу.

Толькі ў ноч з 3 на 4 студзеня дамова між «Газпромам» і «Белтрансгазам» нарэшце была падпісаная. «Газпром» будзе прадаваць газ Украіне па 230 даляраў за тысячу кубоў, але Ўкраіна праз пасярэдніка — «Расукрэнэрга» — будзе набываць газ (у тым ліку туркмэнскі) па 95 даляраў. Газавы бліцкрыг крамлёўскіх летуценьнікаў завершыўся такім вось сюррэалістычным пагадненьнем. Але яго наступствы будуць адчувацца яшчэ доўга.

Небясьпечнае прадказаньне

Кажуць — як сустрэнеш навагодняе сьвята, такім будзе і ўвесь год.

У мінулы Новы год усе буйныя інфармацыйныя каналы вялі жывую трансьляцыю з кіеўскага Майдану, дзе тысячы людзей сьвяткавалі перамогу Аранжавай рэвалюцыі. Гэтая карцінка сталася сапраўдным кашмарам для аўтарытарных рэжымаў, што ўтварыліся на прасторах СНД. Крэмль, абражаны да глыбіні душы, вырашыў нанесьці скрышальны ўдар у адказ. Вялікай крыўдай падаліся Маскве словы першага намесьніка міністра замежных справаў Украіны аб тым, што Расею, як і кожную імпэрыю, у пэрспэктыве чакае распад. Украінскі часовы павераны быў неадкладна выкліканы ў МЗС, дзе было заяўлена аб недапушчальнасьці падобных прагнозаў, а разам з тым — і аб недапушчальнасьці бачыць у газавым ультыматуме Масквы палітыку.

Між тым, газавай атацы папярэднічала прапагандысцкая. Практычна ўвесь сьнежань галоўнымі героямі тэлеэкранаў былі «Газпром» і ягоныя чыноўнікі, якія пагражалі Ўкраіне эканамічным каляпсам — у тым выпадку, зразумела, калі ўкраінскі ўрад не паддасца на шантаж і не пагодзіцца купляць газ ад 1 студзеня па 230 даляраў за тысячу кубамэтраў — гэта значыць, амаль у пяць разоў даражэй, чым раней. На афіцыйнай мове гэта называлася «пераходам на рынкавыя цэны». На пытаньні эўрапейскіх спажыўцоў — напрыклад, у Нямеччыне, чаму ж Расея мерыцца па-ранейшаму прадаваць газ незалежнай Беларусі па 40 даляраў, — Масква адказвала: газатранспартныя сыстэмы ў гэтай краіне, маўляў, належаць Расеі, і таму параўноўваць сытуацыю з пастаўкамі газу ў Беларусь з пастаўкамі ва Ўкраіну некарэктна.

Наколькі карэктнай можна назваць саму гэтую заяву? Адказаць цяжка, бо афіцыйны Менск сарамліва ўхіліўся ад таго, каб праясьніць сытуацыю зь «Белтрансгазам» і ўмовамі экспарту расейскага паліва. Успамінаць аб тым, што менавіта Беларусь зрабілася тым палігонам, на якім «Газпром» упершыню правёў экспэрымэнт з закручваньнем газавых засланак, неяк няёмка і ў Маскве, і ў Менску. Тым больш, пасьля таго як прэзыдэнт Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы блаславіў свайго беларускага калегу на датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары.

Дарэчы, праводзячы свой першы газавы экспэрымэнт, «Газпром» не збаяўся таго факту, што адлучэньне паліва адразу адчуюць ня толькі ў Беларусі, але ў суседняй Польшчы, куды гэты канцэрн пастаўляў і пастаўляе газ па кантрактах. Абурэньне эўрапейскіх суседзяў тады было проста праігнараванае ў Маскве. Ёй трэба было павучыць Менск і паказаць, хто ў беларуска-расейскім «саюзе» гаспадар.

Бог з газгольдэру

Гэтым разам рэакцыі Польшчы, Славаччыны, Аўстрыі, Італіі, а таксама Нямеччыны й Францыі ня толькі былі прадбачаныя, але й відавочна пралічаныя й загадзя ўключаныя Крамлём у сцэнар антыўкраінскай гістэрыі. Піяр-акцыя з выкарыстаньнем усіх расейскіх тэлеканалаў удалася. І Масква ў чарговы раз зрабілася закладніцай уласнай прапагандысцкай кампаніі. Фактычна, яна сама сябе загнала ў кут.

Пасьля гэткай артпадрыхтоўкі ў мэдыях адступаць было немагчыма. І калі Ўладзімер Пуцін выступіў у ролі свайго роду бога з машыны, запрапанаваўшы Ўкраіне спачатку шматмільярдны крэдыт на аплату газу па новай цане, а потым і ўвогуле пакінуць старыя цэны на першы квартал новага году, гэта выглядала, як кепская камэдыя.

Спасылкі на прынцыпы рынкавай эканомікі, трэба сказаць, ад самога пачатку выглядалі цынічна. Па-першае, «Газпром» — ня проста манапаліст, а кампанія, кантрольны пакет акцыяў якой належыць дзяржаве. Невыпадкова «Газпром» называюць месцам, у якім Уладзімер Пуцін можа знайсьці сабе прыстанішча ў выпадку, калі ён адмовіцца балятавацца ў прэзыдэнты па заканчэньні другога свайго тэрміну. З «Газпромам» зьвязваюць, дарэчы, і лёс экс-канцлера Нямеччыны Шродэра. Назваць гэты газавы праект чыста эканамічным можна хіба толькі жартам. Прынамсі, падобных жартаў не разумеюць у цяперашняй Польшчы, якая актыўна дапамагала станаўленьню дэмакратыі ва Ўкраіне.

Пад прэс «рынкавых адносінаў» у інтэрпрэтацыі Расеі патрапілі таксама Грузія з Малдовай. Цяпер ясна, з дапамогай якой зброі імпэрыя мае намер бараніць сябе ад экспарту каляровых рэвалюцыяў.

Газавы шантаж, альбо Сэктар газу

Нічога новага Расея ня вынайшла. Можна згадаць, як на самым пачатку 1990-х, адразу пасьля таго, як Літва аднавіла незалежнасьць, Савецкі Саюз увёў эканамічныя санкцыі супраць былой рэспублікі. Спроба задушыць літоўцаў «паліўным голадам» толькі згуртавала літоўскі народ вакол свайго кіраўніцтва й выклікала яшчэ большыя антырасейскія настроі ў краінах Балтыі. Тое самае, можна не сумнявацца, адбудзецца і ва Ўкраіне. Складваецца ўражаньне, што Масква дзейнічае не паводле нейкага прадуманага пляну, а як слон у парцалянавай лаўцы. Слон адчувае сябе гэткім героем дня, і кожная новая разьбітая талерка выклікае ў яго прыступ эўфарыі ды пераможны трубны роў.

Такія паводзіны, натуральна, выклікаюць у Эўропе зусім апраўданыя пабойваньні й вымушаюць задумацца пра альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Зразумела, перабудаваць транспартна-энэргетычны комплекс ня так лёгка, і ніхто ня будзе сварыцца з Расеяй адкрыта, пакуль яна зьяўляецца крыніцай досыць таннага паліва. Але варта помніць словы аднаго амэрыканскага палітыка з нагоды бэнзінавага крызісу 1970-х гадоў: «З нафтай можна шмат чаго зрабіць, — казаў палітык, — але яе нельга есьці». З таго часу некаторыя арабскія краіны — напрыклад, Катар альбо Кувэйт, зрабілі для сябе неабходныя высновы. Некаторыя, як Ірак, трымаліся за нафту як адзіную крыніцу даходу да апошняга. Але яна аказалася мала прыдатнай ня толькі для харчаваньня, але й для ўтрыманьня рэжыму.

Хто наступны ў чарзе?

Дабрабыт Расеі, збудаваны на высокіх сусьветных цэнах на энэрганосьбіты, шмат у чым папяровы. Насельніцтва Расеі, калі не лічыць купкі прадпрымальнікаў і вышэйшых чыноўнікаў, пакуль не атрымала амаль нічога за кошт росту экспарту. Але тыя самыя чыноўнікі паводзяць сябе так, быццам яны сталі гаспадарамі сьвету.

У гэтай гісторыі з газавым шантажом ёсьць, аднак, і адваротны бок. Яна паказвае, што цэнавая палітыка «Газпрому», як і ўвогуле эканамічны ціск адных дзяржаваў на іншыя, даюць толькі абмежаваны вынік. А часам нават процілеглы задуманаму. Так адбылося, у прыватнасьці, з Кубай. Больш за тое, нават захопніцкія войны, як паказвае гісторыя, мала што даюць краінам-пераможцам. Насамрэч, каляніяльныя войны падрываюць моц імпэрыяў знутры. Пачаўшы ваяваць з Аўганістанам, Масква скончыла бруднай, незнакамітай і беспэрспэктыўнай вайной у маленькай Чачні. Вайна з Украінай (хай сабе эканамічная) скончыцца такім самым правалам і ганьбай, як і ўсе астатнія падобныя войны.

Тады, згодна зь лёгікай, надыдзе чарга Беларусі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0