Міжнародная Група РЕСО аб’яднала актывы беларускіх страхавых кампаній «Бролі» і «АльВеНа» шляхам іх зліцця.

Здзелка адбылася пры фінансавай падтрымцы Групы РЕСО, якая з’яўляецца асноўным уладальнікам новай кампаніі — ЗАТ «Белросстрах». Пра гэта паведаміў 21 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску старшыня савета дырэктараў кампаніі «РЕСО‑Гарантыя», старшыня савета дырэктараў Групы РЕСО Сяргей Саркісаў.

«Мы аб’ядналі дзве кампаніі, каб аптымізаваць працэсы, стварыць мацнейшую кампанію. Мы разумеем, што выходзіць з новым брэндам на рынак у перыяд крызісу складана,
і чакаем пэўнага запаволення дынамікі развіцця на першапачатковым этапе, аднак затым мы прагназуем рост», — сказаў С.Саркісаў.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар «Белросстраху» Сяргей Кавалёў падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра простыя арыфметычная сумы актываў. «Мы гаворым аб зліцці прыярытэтаў, назапашаных кампаніямі «Бролі» і «АльВеНа» за гады самастойнага развіцця, аб сінергіі дзвюх кадравых школ, дзвюх маркетынгавых стратэгій, якія ўжо даказалі сваю камерцыйную плацежаздольнасць. Сукупная дынаміка росту збораў гэтых кампаній у 2008 годзе склала 150,6% (пры сярэднярыначным тэмпе 140,6%). У нацыянальным рэйтынгавым спісе прыватных страхавальнікаў «Бролі» завяршыла год на другім радку, «АльВеНа» — на трэцім», — зазначыў кіраўнік «Белрасстраху».

Паводле яго слоў, «Белросстрах» мае намер трывала замацавацца ў першай тройцы айчынных страхавых арганізацый — да 2013 года кампанія плануе давесці сваю ўдзельную вагу на нацыянальным рынку добраахвотных відаў страхавання да 17,5%.

Сёння сукупныя актывы «Белросстраху» складаюць больш за 36,5 млрд. рублёў,
уласны капітал — больш за 13,5 млрд. рублёў, статутны капітал — больш за 8,2 млрд. рублёў. Страхавыя рэзервы сфармаваныя ў замежнай валюце і складаюць у эквіваленце больш за 7 млрд. рублёў.

«Цяпер мы фарміруем і адточваем асноўныя схемы працы новай кампаніі, — патлумачыў С.Кавалёў. — Гэта структура ў найбліжэйшы час павінна будзе прыняць на ўзбраенне перспектыўныя страхавыя тэхналогіі, як перададзеныя нам расіянамі, так і створаныя на аснове найлепшых распрацовак дзвюх беларускіх кампаній. Рэзка ўзрасце якасць кліенцкага сэрвісу. У прыватнасці, у сферы ўрэгулявання страт будзе ўкаранёны прынцып «адно акно», тэрміны выплат скароцяцца да пяці дзён, працэдура ўрэгулявання прэтэнзій стане больш празрыстай і зразумелай для страхавальніка».

Найважнейшым фактарам устойлівасці «Белросстраху» застаецца патранат з боку расійскай страхавой кампаніі «РЕСО‑Гарантыя». Па выніках 2008 года яна захавала свае пазіцыі і па‑ранейшаму застаецца ў тройцы лідэраў расійскага страхавога рынку, сабраўшы больш за 1 млрд. даляраў страхавой прэміі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0