У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бярэ ўдзел кабарэ «Серебряная свадьба».

Адзін зь іхніх узорных музычна‑тэатральных нумароў на тэму каханьня ды нянавісьці загучыць па‑беларуску. Сьпявачка і па сумяшчальніцтву рэжысэрка лялечнага тэатру Сьвятлана «Бенька» Бень: «Наш спадзеў — атрымаць ад праекту выдатную песьню на беларускай мове, каб належным чынам прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні!:)».

Гэты музычны праект паўстаў чатыры гады таму ў выніку пяшчотнай любві ды павагі яго ўдзельнікаў да Францыі. Пра гэта сьведчыць хоць бы першапачатковая назва гурта, якая гучала, як «Пи*да Парижу!», якую праўда па‑хуценькаму зьмянілі на больш мілагучную — «Серебряная свадьба». У музыцы СС густа замяшана ўсяго ўсялякага, іх канцэртныя шоў можна з аднолькавым посьпехам назваць, як самачыннымі панк‑правакацыямі, так і грунтоўна прадуманай тэатральнай дзеяй. Адзінае пэўна — ад гэтых музыкаў сыходзіць неймаверная энергетыка.

Музыкі зьедзьдзілі ўжо у тур у сваю ўлюбёную Францыю, зьняліся ў фільме расейскага рэжысэра Сяргея Баброва «Реальный папа» ды наогул пастаянна сядзяць на валізках. А вось у студыі яны рэдкія госьці — пакуль у гурта толькі адзін альбом «Концерт в чулане» і той неафіцыйна выдадзены. Цяпер яны рыхтуюццца ў межах «Перазагрузкі» запісаць адзін з сваіх апошніх гітоў — музычны паэтычна‑празаічны твор «Новы мост». Паэтычную частку перакладзе Сяргей Балахонаў, а празаічную — сама Бенька. «Паўдзельнічаць у такім праеце для «Серебряной Свадьбы» надта цікава, — кажа сьпявачка. — Уся наша творчасьць па‑расейску, а прыціскаць родную мову зусім ня хочацца. Таму мы спадзяемся атрымаць ад праекту выдатную песьню на беларускай мове, каб належным чынам прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні!:)».

Наступны ўдзельнік праекту будзе прадстаўлены 30 красавіка.

***

У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў,
якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках Тузін гітоў і Будзьма беларусамі

Паводле сайта Тузін гітоў

Глядзі таксама:
Перазагрузка. Da Vinci
Перазагрузка. Нестандартный вариант
Перазагрузка. Hair Peace Salon

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0