Любанская сінагога(фота са старонкі globus.tut.by)

Любанская сінагога(фота са старонкі globus.tut.by)

У Любані паводле рашэння мясцовых уладаў зносяць драўляную сінагогу. Руйнаванне, што пачалося ў суботнік 11 красавіка і супала з габрэйскім святам Пэсах, працягваецца. Цяпер ад двухпавярховага будынка сінагогі застаўся адзін паверх.

Рэстаўратар і даследчык габрэйскай архітэктурнай спадчыны ў Беларусі Алесь Астравух кажа: «Учора (у аўторак) быў у Любані. Цэнтральная плошча Любані перакрытая, стаяць пажарныя машыны, а рабочыя разам з працаўнікамі МНС працягваюць разбіраць сінагогу».

Сінагога ў Любані каштоўная тым, што там быў рабінам вядомы юдэйскі аўтарытэт і вядомы тлумач габрэйскага закона Мошэ Файнштэйн. Пачуць яго тлумачэнні і пастановы ў Любань, дзе Файнштэйн быў галоўным рабінам з 1921 да 1937, з’язджаліся габрэі мала не з усяго свету. На сынагозе вісела мемарыяльная шыльда, зробленая на беларускай, іўрыце і ангельскай мове.

Аднак гэта не паўплывала на рашэнне мясцовых уладаў аб зносе. Паколькі сінагога не ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, рашэння пра яе разбурэнне мясцовыя ўлады могуць прымаць самастойна. Былую сінагогу прызналі непрыдатнаю для эксплуатацыі, а на яе месцы пабудуюць гандлёвы цэнтр. Алена Кайда, выконваючая абавязкі старшыні аддзелу па ідэалагічнай працы Любанскага райвыканкаму кажа: «Будынак даўно страціў сваю гістарычную каштоўнасць. Ужо ў 1921 годзе сінагогу, пабудаваную ў ХХ стагоддзі аддалі пад клуб. Будынак шмат разоў перабудоўваўся. Дарэчы, побач стаіць другая сінагога, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, пытанне пра знос якой не разглядаецца. Менавіта на яе была перанесена мемарыяльная шыльда».

Па гарачых слядах грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры» на чале з Антонам Астаповічам падала ў Любанскі райвыканкам афіцыйны запыт наконт факта зноса будынка сінагогі. З райвыканкаму быў атрыманы афіцыйны адказ за подпісам старшыні Любанскага райвыканкаму Васіля Акуліча, дзе пішацца, што «прааналізаваўшы значнасць дадзеных будынкаў (двух любанскіх сінагог — кар.) для горада і іх тэхнічны стан, прынята рашэнне аб зносе будынка ўзведзенага ў ХХ ст.».

«Шкада, што сінагога, што перажыла ўсе войны, рэжымы, Галакост нарэшце, — працягвае Астравух, — і раптам такое ў мірныя часы... Непрыемна чуць ад мясцовых уладаў нешта кшталту «мы таксама хочам, як вы ў Мінску — цёплыя туалеты і прыгожыя новыя плошчы».

У Беларусі 6 драўляных сінагогаў: у Лепелі, Івянцы, Воранаве, Драгічыне і да нядаўняга дзве было ў Любані.

ЛК, з выкарыстаннем матэрыялаў з belsat.eu

Хроніка разбурэння будынкаў сінагог у Беларусі:

2001 — разбураны будынак сінагогі на мінскай вуліцы Дзімітрава.

2006 — спыніла сваё існаванне будынак сінагогі ў Шчучыне.

2008 — Разбураны парэшткі сінагогі ў Гарадку Маладзечанскага раёну.

2009 — руйнуеццца будынак сінагогі ў Любані.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0