«Гісторыка» ладзіць летнікі ў Івянцы і Любчы.

Зьміцер Рагачоў з Грамадзкага аб’яднаньня «Гісторыка» плянуе два буйныя летнікі. Першы пройдзе з 22 ліпеня па 13 жніўня пад Івянцом. Будуць праводзіцца аварыйныя працы на месцы колішняй сядзібы XVIII ст., што зьмяніла не аднаго гаспадара. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы, якія трэба выратаваць ад канчатковага разбурэньня. З гэтай мясьцінай зьвязаная легенда пра драўляны замачак, збудаваны перад паходам на Грунвальд. Ён даваў прытулак паляўнічым, што ў мясцовых лясах нарыхтоўвалі дзічыну перад паходам.

15–27 жніўня адбудзецца летнік у Любчы пад патранажам кіраўніка Фонду «Любчанскі замак» Івана Пячынскага. Працы на адбудове замку шмат, таму запрашаюцца ўсе ахвотныя. Мяркуецца пабудаваць паўтарамэтровы мур паміж дзьвюма адноўленымі вежамі. Маецца зацьверджаны праект і будматэрыялы, патрэбныя толькі рукі.

Таксама плянуецца падрыхтаваць пляцоўку пад адбудову драўлянай вежы, якая стаяла на беразе Нёману. Месца тое ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя падмыла рака. Акрамя таго, гарадзенскі археоляг Генадзь Семянчук атрымаў дазвол на раскопкі на тэрыторыі замчышча. У плянах таксама работы ў любчанскім парку. Працы хопіць усім.

Па інфармацыю зьвяртацца па тэлефонах: 755-03-70 і 654-65-59 (Зьміцер).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?