Аўтары новага інтэрнэт‑праекта «Казкі беларускія» разлічваюць на сотні наведвальнікаў штодня.
Яны сцвярджаюць, што нічога падобнага няма не толькі ў Інтэрнэце — добрых казак на беларускай мове не стае і на паліцах кніжных крамаў.
— Ідэя была даволі простая: зрабіць дзіцячы партал для беларускамоўных сем’яў
, — кажа адзін з арганізатараў інтэрнэт‑рэсурсу «Казкі беларускія» Зміцер Разахацкі. — А галоўны прынцып: па адной казцы кожны дзень. Прычым гэта будуць і творы беларускіх аўтараў, і пераклады сусветна вядомых творцаў, і народныя казкі.

Яшчэ адна адметная рыса сайта — малюнкі, якія суправаджаюць народныя і літаратурныя творы.

Ёсць і іншыя раздзелы, цікавыя бацькам і іх дзецям, — прымаўкі, конкурсы, сцэнкі, анекдоты, загадкі, скорагаворкі, калыханкі, прыпеўкі, лічылкі, розныя дапаможнікі для бацькоў і шмат іншых цікавых матэрыялаў.

Зміцер Разахацкі расказвае, што ідэя стварыць сайт прыйшла звычайным бацькам, якія выхоўваюць сваіх дзяцей як свядомых беларусаў. Ні для каго не сакрэт, што якаснай літаратуры для дзяцей на роднай мове не стае, таму і быў прыдуманы вось такі альтэрнатыўны ход. Тым больш што ў інтэрнэце беларускамоўная дзіцячая тэматыка прадстаўлена вельмі сціпла: не хапае станоўчай пазітыўнай беларускамоўнай інфармацыі.

— Мы плануем прыцягнуць як мага болей наведвальнікаў, — кажа Зміцер Разахацкі. —

Мяркуем нават хадзіць па ўсіх дзіцячых садках і расказваць выхавацельніцам пра наш сайт. Спадзяемся, што «Казкі беларускія» зацікавяць усіх маленькіх беларусаў.
Нават тым, хто не размаўляе па‑беларуску, але, магчыма, дзякуючы вось такому творчаму падыходу спрычыніцца да роднай мовы.
У жыцці сайта запрашаюць паўдзельнічаць і наведвальнікаў: яны могуць рэгістравацца і пакідаць свае казкі, артыкулы, думкі.

— Хочацца згрупаваць кола людзей, якім цікавая беларуская казка, якія выхоўваюць сваіх дзяцей па‑беларуску і могуць падзяліцца сваім вопытам, ‑‑ дадае Зміцер Разахацкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?