Галоўны арбітр футбольнага матчу «Дынама» (Мінск) — БАТЭ (Барысаў) гамяльчанін Аляксей Кульбакоў заявіў аб знявазе яго брыгады з боку прадстаўніка гаспадароў.

У выніковым пратаколе А.Кульбакоў, прызнаны ў 2008 годзе лепшым арбітрам краіны, запісаў што «пасля заканчэння першага тайма не ўнесены ў пратакол прадстаўнік ФК «Дынама» Мінск Туміловіч Г. у падтрыбунным памяшканні ў нецэнзурных выразах зневажаў судзейскую брыгаду».

Генадзь Туміловіч з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара «Дынама» па спартыўнай і арганізацыйнай працы.

На прэс‑канферэнцыі пасля матчу, які завяршыўся перамогай гасцей з лікам 3:1, галоўны трэнер «Дынама» Славалюб Муслін заявіў, што першы мяч, які забіў БАТЭ на 42‑й хвіліне, быў «падарункам суддзі».

Згодна з новым рэгламентам чэмпіянату галоўным трэнерам клубаў на пасляматчавых прэс‑канферэнцыях забаронена «каментаваць і ацэньваць якасць судзейства».

Чакаецца, што гэтая сітуацыя будзе разгледжана на пасяджэнні Дысцыплінарнага камітэта Беларускай федэрацыі футбола. На папярэднім пасяджэнні галоўны трэнер клуба «Граніт» (Мікашэвічы) Валерый Бахно быў аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (350 тыс. рублёў) за крытыку якасці судзейства на прэс‑канферэнцыі пасля гульні «Граніт» — «Тарпеда» (Жодзіна), якая таксама завяршылася з лікам 1:3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?