Лукашэнка збірае піяраўскі плён з візіту ў Рым. Ён ужо рэтранслюе папу, а ў асобе Берлусконі знайшоў роднасную душу.

Візіцёр заявіў журналістам, што ў панядзелак абмеркаваў з пантыфікам многія праблемы. Хаця сустрэча ў межах стандартнага рытуалу доўжылася толькі 25 хвілін (улічыце час на пераклад, абмен падарункамі і г.д.). І ўвогуле, як падкрэсліваюць крыніцы ў Ватыкане, гэта быў не дзяржаўны, а працоўны візіт.

Вядома, аднак, што Лукашэнка ўмее выціскаць піяр з любых акалічнасцей. Пасля сустрэчы з экстравагантным Берлусконі госць між іншым зазначыў: «Які б ён ні быў дыктатар, як яго называюць, але 75% італьянцаў яму давяраюць».

Паралель болей чым празрыстая, і пасаж гэты разлічаны, канечне ж, не на заходнікаў, што выдатна ведаюць пра даволі вузкі прававы калідор для куражу Берлусконі, а на айчынны электарат. Хай абываталь думае, што і ў Еўропе прыкладна такія ж парадкі, як і ў нас, а Берлусконі — гэта такі італьянскі «бацька».

А вось іншая прагучалая ў Рыме заява — пра тое, што наш МЗС зараз працуе з Палатай, каб сярод дэпутатаў было болей адзінства ў пытанні Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі (!), наадварот, скіравана на наіўных замежнікаў. Хай думаюць, што парламентары ў нас страшэнна самастойныя, і кіраўніцтва дзяржавы стараецца ім наравіць як ліхой скуле :)

Карцінкі рымскага візіту выглядаюць нейкай фантасмагорыяй. Хто б мог такое ўявіць пару гадоў таму? Кіраўнік рымска-каталіцкай царквы атрымлівае рускамоўны буквар ад Колі Лукашэнкі, а ягоны тата вячэрае з Берлусконі. Пантыфік ды прэм'ер Італіі запрошаны ў Мінск. З боку беларускай ўлады каталікам паабяцаны канкардат. З боку Святога пасаду Колю падарылі мяч і нават дазволілі трохі паганяць яго ў Апостальскім палацы.

Дадайце яшчэ і сустрэчу з вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна. Наш паспаліты люд туманна ўяўляе, што гэта такое, але гучыць надта салідна!

Падаць жа вынікі міні-турнэ ў належным духу — справа тэхнікі. І вось ужо міністр замежных спраў Мартынаў заяўляе, напрыклад, што ў Лукашэнкі і Берлусконі падобныя погляды на выйсце з эканамічнага крызісу.

Не ўсё, канечне, ідзе гладка. Што да ўдзелу ў пражскім саміце «Усходняга партнёрства», дык тут і хочацца і колецца. Лукашэнка паведаміў журналістам, што Берлусконі хацеў бы там яго бачыць. Але разам з тым была прадублявана тэза, ужо агучаная ў Авальнай зале падчас прэзентацыі штогадовага паслання. «Калі некаму няёмка, што на саміт паедзе Лукашэнка, то Лукашэнкі там не будзе», — звыкла ўжыў афіцыйны кіраўнік форму трэцяй асобы, нібыта гаворка пра некага іншага. Напэўна, пераважвае «не ехаць».

Тым часам Масква стараецца паціху падпсаваць дачыненні Мінска з Захадам.

Расійскія медыі робяць укіды, з якіх вынікае, што Лукашэнка нібыта плануе фарсавана ўзбройвацца. Маўляў, набярэ на дурніцу новых ракет ды комплексаў пад маркай адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны ды панаставіць гэтых цацак на заходняй мяжы.

Такая публікацыя з’явілася днямі ў «Коммерсанте». Пра ступень кампетэнтнасці аўтараў сведчыць хаця б тое, што яны прылічылі да сродкаў СПА аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».

Проста «Іскандэр» — раскручаная страшылка. А звышзадача — уліць лыжку дзёгцю ў амаль што мядовыя сёння дачыненні Мінска з Еўропай.

Вы звярнулі ўвагу, як хваравіта адрэагаваў Лукашэнка на інфармацыйную атаку маскоўскіх СМІ падчас выступу ў Авальнай зале 23 красавіка? Маўляў, «не трэба нам гэтых укідаў ды “вутак”, асабліва калі намеціўся працэс нармалізацыі дачыненняў з Еўропай».

Наўрад ці спадабаецца беларускаму кіраўніку і натацыя з вуснаў прадстаўніка Маскоўскага патрыярхату. Заяву Лукашэнкі пра тое, што папа марыць неўзабаве сустрэцца з кіраўніком РПЦ, пратаярэй Антоній Ільін пракаментаваў ледзяным тонам: маўляў, такая сустрэча «не мусіць вызначацца імгненнай палітычнай кан’юнктурай» і станавіцца «нейкім шоў перад тэлекамерамі».

Але ж тут — каму што. Беларускі афіцыйны кіраўнік як чэпкі прагматык акурат выціскае максімум з небывалай замежнапалітычнай кан’юнктуры. Імкнецца сабраць найбольшы палітычны плён на хвалі беспрэцэдэнтнага шанцавання на заходнім кірунку. Пайшла еўрапейская карта!

Еўропа стараецца неяк захаваць твар. Рым сустрэў Лукашэнку адкрытым лістом міністра замежных спраў Фратыні ў «Кар’ерэ дэла сэра» з заклікам паважаць правы чалавека.

Лукашэнка пунктуальна выканаў праграму візіту, а перад адлётам зазначыў, што не мае патрэбы ў парадах звонку. Арыведэрчы, сіньёры!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?