Урад Косава спадзяецца на прызнанне яго незалежнасці Беларуссю.

Пра гэта заявіў віцэ‑прэм’ер Косава Хайрэдзін Кучы 28 красавіка ў Прышціне на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы.

«Мы хацелі і прасілі б аб прызнанні нас Беларуссю.

Калі ў беларускіх уладаў ёсць дылемы наконт прызнання Косава, то мы запрашаем патлумачыць іх нам», — сказаў Х.Кучы.

Паводле яго слоў, калі сёння Беларусь адмовіцца супрацоўнічаць, то ўрад Косава «папросіць яшчэ раз».

Кіраўніцтва Косава абвясціла незалежнасць ад Сербіі 17 лютага 2008 года. Незалежнасць краю прызналі 58 краін, у ліку якіх Францыя, Вялікабрытанія, Італія, ЗША, Германія, Афганістан, Літва, Эстонія, Польшча.

Паводле слоў віцэ‑прэм’ера Косава, краіны, якія прызналі незалежнасць Косава, вырабляюць дзве трэці сусветнага ВУП. Супраць прызнання незалежнасці краю выступаюць Сербія, Расія, Іспанія, Грузія, Кітай і шэраг іншых дзяржаў.

Х.Кучы зазначыў, што ўрад Косава робіць усё, каб пераканаць дзяржавы свету прызнаць незалежнасць краю. Пры гэтым, паводле яго слоў, у Косаве добразычліва настроены да любой дзяржавы, у тым ліку да краін постсавецкай прасторы. Віцэ‑прэм’ер адзначыў важнасць прызнання Косава з боку Расіі, якая з’яўляецца найбольш буйной краінай у гэтым рэгіёне і «можа адыгрываць вялікую ролю на Балканах». У Косаве таксама разлічваюць на прызнанне незалежнасці з боку Украіны.

«Я хачу нагадаць усім, што цяпер не часы халоднай вайны», — сказаў Х.Кучы, зазначыўшы, што «няма ніводнай прычыны, каб не прызнаць Косава».

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0