Край чужых партызан

Клічаўшчына - гэта калі наўкола адзін лес. Калі невысокі зарасьнік з дробным і голым ствольлем абступае дарогу, палі, не даючы разгуляцца погляду і як губка ўбіраючы ў сябе вашу думку і волю. На самых ускрайках раёну ёсьць вёскі, да якіх не пракладзена дарог, ня тое што тэлефона. Далёкія ад усіх буйных гарадоў, людзі здаўна прывучыліся жыць, разьлічваючы толькі на сябе.

Вёска Гонча паўстала трыста гадоў таму - тут сяліліся ганчары. Пасьля рэвалюцыі вяскоўцы разабралі зямлю і расьсяліліся па хутарах. "Ох, добра жылі!" - аж прымружваецца мой суразмоўнік у асалодзе. Спадар Іван шляхецкай фаміліі пацьвярджае гэта з гонарам, хоць і ня ўпэўнена. Вэтэран, прайшоў фінскую вайну, браў лінію Манэргейма, абараняў Ленінград - паказвае прастрэленае плячо. Быў вязьнем. "Пра гэта падрабязьней", - прашу яго.

Часьцей за ўсё пра раён вы пачуеце ўсяго адно ёмістае азначэньне - партызанскі край. Панятак ператварыўся ў шаблён і нярэдка ўводзіць у зман чалавека, не знаёмага з рэальнай Клічаўшчынай. У часы вайны тут сапраўды была адна з самых вялікіх на Беларусі партызанскіх зон. Увесну 1942-га Клічаў нават на тры дні быў вызвалены партызанамі ад немцаў. Аднак партызанілі тут рэшткі Чырвонай Арміі, дывэрсанты з-за лініі фронту і камсамольцы з усёй Магілёўшчыны. Яны, а не мясцовы люд сталі ядром партызанскага руху тут.

"Грэх ня ўзяць"

Клічаўшчына абняславілася гіганцкай махлярскай акцыяй. У 2000-2001 гадах незьлічоная колькасьць жыхароў раёну атрымалі кампэнсацыі ад аўстрыйскага дабрачыннага фонду як вязьні канцлягераў.

Пасьля таго, як у 1993-1997 гг. нямецкі і аўстрыйскі ўрады выплацілі кампэнсацыі беларускім вязьням нацысцкіх канцлягераў, чый статус быў афіцыйна пацьверджаны па архіўных зьвестках, у Аўстрыі і Нямеччыне была заснавана недзяржаўная арганізацыя "Памяць. Адказнасьць. Будучыня". Яе стварылі буйныя прамыслоўцы, якія палічылі, што грошай, выплачаных урадамі іх краін, было мала для рэальнай кампэнсацыі вязьням. Было таксама ўзята пад увагу тое, што засталася незадаволенай агромністая частка вязьняў, зьвестак пра якіх не захавалася ў архівах. Цяпер выплачваліся грошы тым людзям, што не маглі падаць ніякага дакумэнту пра сваё выгнаньне ў Нямеччыну. Патрабаваліся толькі сьведчаньні двух іншых, афіцыйна зарэгістраваных вязьняў.

У 2000 г. Клічаўшчыну наведалі прадстаўнікі іншага, аўстрыйскага фонду, каб правесьці чарговую сэрыю выплат. Чаму выбралі менавіта гэты раён, загадка. Паводле новых умоў, для атрыманьня кампэнсацыі ўжо не абавязкова было мець сьведак, хапала ўспамінаў.

Гэта значыць, гіпатэтычна любы жыхар раёну, якому ў часе нямецкай акупацыі было хаця б некалькі дзён, мог падаць заяву на атрыманьне кампэнсацыі. Толькі да заявы патрабаваліся ўспаміны - здабыць іх было ўжо ў чалавечых сілах. "Калі зьявілася такая магчымасьць, - сьмяецца жанчына, зь якой мы разгаварыліся ў вясковым доме культуры, - грэх ня ўзяць!"

"Падрабязьней", - прашу вэтэрана Івана Сьцяпанавіча са шляхецкім прозьвішчам. "І я атрымаў кампэнсацыю, - адказвае спакойна, разважліва, - але я ў лягеры быў. А мой сусед В-вік ня быў і атрымаў. Шмат хто атрымаў. Та-ак", - засяроджана ківае. Ці ён іх асуджае, гэтых несапраўдных вязьняў? Не.

Лёгіка людзей, якія пісалі падробныя анкеты, была простая. Яны перажылі вайну. У іх пад нагамі гарэла зямля. І вайну пачыналі не яны. У гэтага загінуў брат, той да сёньня памятае месца, дзе да вайны стаяла хата. Вялікая, і яблыні каля яе - яшчэ цьвітуць. Спалілі немцы. Вайна на Клічаўшчыне была бязьлітасная. Тут ёсьць свая Хатынь - вёска Боркі, спаленая зь дзьвюма тысячамі жыхароў. Вось ён, меркаваны разлом сьвядомасьці - як зарыентавацца паміж пакутамі і махлярствам? Што было сапраўднае?

Бяруць і ад нашых, і ад немцаў

"Дзед Іван?" - грэбліва сьмяецца немаладая жанчына зь мясцовай улады. І дзесяць разоў моліць: нідзе не пішыце маё імя. "Яны мяне растопчуць, я тут жыць не змагу". "Што дзед Іван?" - не адступаю я. "Знаем гэтага дзеда. Плячо сабе прастрэліў, цяпер паказвае - паранены быў. Ён з такіх, што і да афіцыйных узнагарод прагны, і ад немцаў хоча атрымаць".

Сьцены сельсавету ператвараюцца ў абарончы вал ад хцівых аднавяскоўцаў. Жанчына адначасова ня можа маўчаць і баіцца гаварыць. Азіраецца на акно, нібыта ўся вёска ўжо сабралася паслухаць, што яна кажа журналісту.

300 эўра за паслугі вязьня

"Гэта быў ажыятаж", - другі раз за дзень чую я. Суседка хавалася ад суседкі. Пісалі анкеты аўстрыйцам сем'ямі. Таемна, ціха, нікому ня кажучы. Аднак пісалі ўсе, і ўсе ўсё ведалі. Тыя, у каго не было вязьняў сярод родных, падкуплялі знаёмых. Бывалі выпадкі, арганізоўваліся цэлыя кампаніі камэрсантаў, якія езьдзілі па вёсках і прапаноўвалі за 100-300 эўра "аформіць" успаміны і сапраўднага вязьня ў сьведкі. Апошняе давала большую гарантыю кампэнсацыі.

Безыменная жанчына выкрывае з жарсьцю і злосьцю. "У нас тут такія людзі - таемна пашлюць анкету, дзеля гэтых грошай, каб потым на бяседзе сказаць: "А я, суседка, каўбасу ем у поўны рот".

Адпаведныя органы зацікавіліся Клічаўшчынай, калі ў раёне стаў рэзка расьці дабрабыт. Раён выйшаў у рэкардсмэны па наяўнасьці асабістых аўтамабіляў на тысячу чалавек. Падняліся цэны на жыльлё ў самім Клічаве. Ні ў адным з дамоў я ня ўбачыў старога тэлевізара. Рэдкая хата неабшаляваная і непафарбаваная. Не зьмяніліся толькі вуліцы, дарогі, платы на цэнтральных вуліцах вёсак. Бо не свае, дзяржаўныя.

Людзі зь іншага сьвету

У Гончаўскім сельсавеце кампэнсацыю атрымалі каля двухсот чалавек. Рэальных вязьняў зарэгістравана восем.Веру дзеду-вэтэрану і ня веру. Маладжавы, жыцьцярадасны, з параненым плячом. Быў у палоне - веру. Але жонка яго таксама атрымала кампэнсацыю. Пытаюся, у якім лягеры яна была. "Тут была", - няпэўна адказвае ён. У акупацыі - лічы што ў лягеры.

Веру гэтай безыменнай жанчыне і ня веру. Веру, бо выкрывае, і ня веру, бо ёй яўна меней за шэсьцьдзесят. Яна ня мела спакусы.

Веру ў пакуты людзей ваеннага часу. Веру, што быў боль. Ня ведаю, як можна паверыць махлярам. Паводле сьціп- лых падлікаў, у адным толькі Ганчанскім сельсавеце кампэнсацыю атрымалі каля двухсот чалавек. Рэальных вязьняў зарэгістравана восем.

І тыя цяпер атакаваныя з двух бакоў. На маю спробу сустрэцца зь яшчэ адным сапраўдным вязьнем яе дачка толькі замахала рукамі. "Мама нічога ня памятае". Маўляў, ведаю, што вы пра яе скажаце.

Дыскрэдытаванымі аказаліся ўсе: і несапраўдныя, і сапраўдныя вязьні. Другая жанчына, якая таксама прайшла нямецкія канцлягеры, усё памятала, але нічога ня стала гаварыць пра суседзяў. "Яны і так мяне ненавідзяць - сапраўды была там. А цяпер і зусім задзяўбуць".

Дарога дадому была як дарога зь іншага сьвету. Са сьвету людзей, якія не гавораць праўды, якія жывуць дзеля сябе, якія ня хочуць мець імёнаў і права выказацца ўголас. Са сьвету людзей з поўным ротам каўбасы.

Бываюць такія процілеглыя паняцьці, процілегласьць якіх, нягледзячы на законы дыялектыкі, ніколі не ўяўляе адзінства. Напрыклад, гераізм і хцівасьць. Або пакуты і махлярствы.

Іх не аб'ядноўваеш у адно, зь іх выбіраеш.

Аўстрыйцы схамянуліся, толькі калі на кампэнсацыі сталі нахабна падаваць людзі, народжаныя пасьля вайны... Аўстрыйская прэса назвала "клічаўскае шулерства" махляжом дзесяцігодзьдзя. Цікавасьць адпаведных беларускіх органаў ня вылілася ў крымінальныя справы: адсутны пацярпелы бок. Усім добра, ніхто не вінаваты.

Клічаў-Магілёў

Фота photo.bymedia.net і Ўладзімера Недабоева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0