Аляксандр Лукашэнка не зарэгістраваны ў якасці ўдзельніка ўстаноўчага саміта праграмы Еўрасаюза «Ўсходняе партнёрства», які пройдзе 7 мая ў Празе.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў саміта завяршылася 30 красавіка. Як паведаміў прэс‑сакратар прэм’ер‑міністра Чэхіі, якая старшынствуе ў ЕС, Іржы Францішак Потужнік, на гэты момант кіраўнік Беларусі «не пацвердзіў свой удзел».

Пры гэтым Потужнік адмовіўся назваць беларускіх удзельнікаў саміта, растлумачыўшы, што «абнародаванне спісу не прадугледжваецца». Паводле слоў прэс‑сакратара, краіны ЕС і шэсць краін — удзельніц «Усходняга партнёрства» будуць прадстаўлены на сустрэчы ў Празе «першымі і другімі асобамі».

Чэшскае інфармагенцтва CTK са спасылкай на кампетэнтную крыніцу паведамляе, што дэлегацыю Беларусі на саміце ўзначаліць першы віцэ‑прэм’ер урада Уладзімір Сямашка, аднак у Мінску гэтыя звесткі пакуль не пацвярджаюць. Прэс‑сакратар прэм’ер‑міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка 1 мая заявіў, што не валодае інфармацыяй аб тым, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю ў Празе. Не абвяшчаюць спіс удзельнікаў саміта і ў МЗС Беларусі.

Ва «Усходняе партнёрства» ўваходзяць 27 краін ЕС і шэсць краін‑партнёраў — Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. У праекце сумеснай дэкларацыі саміта выказана ўпэўненасць, што гэтая ініцыятыва «будзе працаваць на карысць дэмакратычных каштоўнасцей, умацавання стабільнасці і росквіту, прынясе ўстойлівыя і адчувальныя выгоды грамадзянам усіх краін‑удзельніц».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?