(5.05.1819—4.06.1872)
- Як ветразь, музыкай тваёй з аргана
Напоўнены касцёл Святога Яна,
І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве
Па золаце, па бруку, па траве,
Па Беларусі, у якой ёсць ты,
- І трэскаюць паміж людзей ільды
Неразумення, і слязамі з воч
Цякуць і асвятляюць дзень і ноч,
Як васількі, як зоркі, як бурштын.
- Музыкаў многа, ты ж такі адзін,
І слухае цябе народ і Бог,
І прад Еўропаю крыжы дарог
Ужо не рвуць тутэйшую душу
Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу,
Бо лепш, як тут, не будзе анідзе--
Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,
Бо толькі тут, як рыба — у вадзе,
У Беларусі Беларусь жыве,
- Але ёсць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль, Ляціш заўжды,
І п’еш, як горкае віно, любоў.
Ды не знікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Святога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас
У беларусаў на бясконцы час
Пакуль малітвай, музыкай святой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой…
0
0
0
0
0
0