Кавярні, бары і рэстараны, размешчаныя ў жылых будынках сталіцы, цяпер будуць працаваць толькі да 23:00.
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ларыса Камарова паведаміла карэспандэнту агенцтва «Мінск‑Навіны», што такое рашэнне прынятае адміністрацыямі раёнаў горада.
Рэжым працы гэтых устаноў быў зменены ў сувязі з заявай Генеральнай пракуратуры, якая выявіла парушэнні заканадаўства ў дзейнасці шэрагу аб’ектаў грамадскага прызначэння, што размешчаныя ў жылых дамах.
Паводле вынікаў праверкі работнікі Генпракуратуры са спасылкай на будаўнічыя нормы адзначылі, што ў жылых будынках дапускаецца размяшчаць прадпрыемствы і ўстановы, што адносяцца да грамадскага абслугоўвання насельніцтва, з рэжымам функцыянавання з 7 да 23 гадзіны.