9 траўня ў Менску ў раёне правядзення ўрачыстага шэсця будуць прыняты павышаныя меры бяспекі. Усім удзельнікам і гасцям давядзецца прайсці праз металадэтэктары.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 5 мая паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Уладзімір Зубрык.

Пры гэтым, паводле яго слоў, «ветэранаў ніхто абшукваць не будзе».

Шэсце ветэранаў, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў

з удзелам кіраўніка дзяржавы будзе арганізавана з 12.00 да 13.20 па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі.
У крайніх пунктах для ветэранаў прадугледжана бясплатная мінеральная вада і магчымасць адпачыць на крэслах. Суправаджаць іх падчас шэсця будуць медыцынскія работнікі.

Адкрыюць шэсце ваеннаслужачыя роты ганаровай варты Узброеных сіл з дзяржаўным сцягам і штандарамі чатырох франтоў, якія вызвалялі ў 1944 годзе Беларусь.

У першай шарэнзе пойдуць прэзідэнт, героі Савецкага Саюза, ганаровыя жыхары Мінска, заслужаныя людзі. У другой — прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі з ветэранамі.
Затым рушаць услед 12 аўтамабіляў «УАЗ» з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, далей — вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі Беларускага саюза афіцэраў, воіны‑інтэрнацыяналісты, калоны раёнаў. Чакаецца, што ўсяго ў шэсці і ўскладанні вянкоў на плошчы Перамогі возьмуць удзел прыблізна 5,5 тыс. чалавек.
На ўчастку ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі вітаць удзельнікаў шэсця з абодвух бакоў праспекта Незалежнасці будуць прыкладна 20 тыс. школьнікаў і студэнтаў.

Як паведаміў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі, 9 мая ў сталіцы будзе арганізавана 15 канцэртных пляцовак. Галоўныя — каля Палаца культуры чыгуначнікаў, у парку імя Горкага і каля Палаца спорту.

У гэты дзень у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і ў радыусе 500 метраў ад іх продаж алкаголю будзе забаронены, дадаў Уладзімір Зубрык.

Салют у гонар Дня Перамогі трыццаццю залпамі будзе дадзены ў 22.00 ў Мінску, крэпасці‑героі Брэсце і абласных цэнтрах,
паведаміў начальнік прэс‑службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык. У сталіцы яго ажыццявяць шэсць салютных установак, размешчаных у шасці пунктах. Гэта парк 50‑годдзя Перамогі, пустка ў раёне вуліцы Курасоўшчына, пустка ў раёне вуліц Гарэцкага і Панамарэнкі, парк 900‑годдзя Мінска, пустка каля Дома міласэрнасці і былы ваенны гарадок у мікрараёне Уручча.

Адказаць на пытанне БелаПАН, ці павінны будуць грамадзяне, якія выказалі жаданне паглядзець салют непасрэдна ў месцах яго правядзення, праходзіць праз металадэтэктары, удзельнікі прэс‑канферэнцыі не здолелі. Таксама без адказу засталося пытанне аб тым, якое надвор’е прагназуецца ў сталіцы ў святочны дзень.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0