Вызначыўся першы фіналіст футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Фактычна ўсё было вырашана яшчэ на 11-й хвіліне гульні, калі МЮ на «Эмірэйцс» («Эшбертан Гроўв») павёў у ліку 2:0.
На 8-й хвіліне лік адкрыў Чжы Сун Пак, на 11-й са штрафнога Крышціану Раналду лік падвоіў.
Тыдзень таму падапечныя сэра Алекса Фергюсана выйгралі 1:0, і цяпер «кананірам» трэба было забіваць ажно чатыры мячы.
Але на 61-й хвіліне лік стаў 0:3. Пасля прыгожай атакі другі свой гол правёў Крышціану Раналду.
На 76-й хвіліне падапечным Арсена Венгера ўдалося выпакутаваць гол прэстыжу. Пасля досыць спрэчнага выдалення за фол апошняй надзеі Дарэна Флетчэра, Робін ван Персі рэалізаваў пенальці.
1:3, і МЮ прайшоў у фінал Лігі чэмпіёнаў,у якім ён гуляў і які выйграў летась.
Супернік МЮ вызначыцца ў сераду ў матчы, які таксама пройдзе ў Лондане, толькі на «Стэмфард Брыдж»:
«Чэлсі» – «Барселона».
У першым матчы ў сталіцы Каталоніі была зафіксавана нічыя – 0:0.
Дзве інтрыгі.Ці паўторыцца фінал мінулага году МЮ – «Чэлсі», і ці выйдзе на поле Аляксандр Глеб.
Фінал Лігі чэмпіёнаў пройдзе 27 траўня ў Рыме.