У трэцяй дэкадзе мая прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі наведае Кіеў.

Пра гэта дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка на перамовах у Гомелі 6 мая.

"Мы дамовіліся аб тым, што ў маі будзе ажыццёўлены візіт беларускага прэм'ер-міністра ва Украіну, дзе ўсе напрацоўкі, якія сёлета былі абмеркаваныя на прэзідэнцкім узроўні і раней падрыхтаваныя міністэрствамі замежных спраў, міністэрствамі энергетыкі, — адпаведна гэтыя дакументы на ўрадавым узроўні будуць падпісаны ў хуткім часе", — заявіў прэзідэнт Украіны (стэнаграма апублікавана на сайце ўкраінскага прэзідэнта).

Прадметам перамоў у Гомелі, паводле слоў В.Юшчанкі, былі пытанні двухбаковых адносінаў, рэгіянальнай палітыкі, адносінаў у межах Усходняга партнёрства.
Украінскі бок асабліва цікавіла супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, уключаючы транзіт і прысутнасць на беларускім энергетычным рынку.

"Мы шмат часу надалі ТЭА (тэхніка-эканамічнаму абгрунтаванню. — БелаПАН.) паставак каспійскай нафты ў краіны ЕС, у Беларусь, ва Украіну. Іншымі словамі, убачыць новыя магчымасці і не страціць шанц, каб Украіна, Беларусь, нашы партнёры выкарысталі гэтую магчымасць для ўзаемнага развіцця эканомік краін, нашых народаў", — заявіў В.Юшчанка.

Паводле яго слоў, Украіна і Беларусь з'яўляюцца прыхільнікамі лібералізацыі гандлёвых адносінаў, візавага рэжыму. "У нас няма разыходжанняў па гэтым пытанні з беларускім бокам. Таму калі мы ў найбліжэйшым часе завершым працу, пачынаючы ад пагаднення аб візавым рэжыме, рэадмісіі, заканчваючы пытаннямі асабліва сферы энергетыкі, — мы завершым практычна нашы дамоўленасці", — зазначыў украінскі прэзідэнт.

"Мы дамовіліся аб тым, што абавязкова нашы прэм'еры павінны сустрэцца ў трэцяй дэкадзе гэтага месяца, а напярэдадні міжурадавая камісія разгледзіць усе пытанні, якія тут спадар прэзідэнт пералічыў, і прэм'еры павінны прайсці свой шлях. Яны павінны перш за ўсё прыняць рашэнні па эканамічных і нават гуманітарных праблемах", — заявіў А.Лукашэнка.

Ён выказаў удзячнасць В.Юшчанку за падтрымку ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве.
"Мы бярэм удзел у еўрапейскіх справах і іншых не супраць кагосьці. Гэта наш інтарэс, жыццёва важныя інтарэсы, выгадныя для нашых народаў і перш за ўсё для нашых эканомік. Мы з гэтага будзем зыходзіць і заўтра ў Празе, калі будзем весці дыялог на еўрапейскім узроўні", — заявіў А.Лукашэнка.

Паводле слоў В.Юшчанкі, ініцыятыва "Усходняе партнёрства" можа закранаць "многія бакі, у тым ліку нашага эканамічнага жыцця". Размова ідзе аб развіцці праектаў, якія маглі б атрымаць фінансаванне з бюджэту Еўрасаюза, зазначыў прэзідэнт Украіны.

Устаноўчая канферэнцыя Усходняга партнёрства, якая пройдзе ў Празе 7 мая, дасць магчымасць "выйсці на пяць канкрэтных кірункаў адпаведных праектаў, і з гэтых кірункаў можна будзе будаваць наша двухбаковае супрацоўніцтва", сказаў В.Юшчанка.

Мінулым разам прэзідэнты дзвюх краін сустракаліся 20 студзеня ў Чарнігаве. Яны дамовіліся аб сустрэчы прэм'ер-міністраў на працягу найбліжэйшых дзесяці дзён, аднак Сяргей Сідорскі і Юлія Цімашэнка не сустрэліся дагэтуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?