Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка выказаў шкадаванне, што Аляксандр Лукашэнка не ўдзельнічае ва ўстаноўчым саміце Усходняга партнёрства ў Празе.

Перад пачаткам саміта ўкраінскі лідэр заявіў журналістам, што «ў любым выпадку беларускі выбар — гэта еўраінтэграцыя і ўключэнне ў еўрапейскія працэсы». «Месца і роля Беларусі ва Усходнім партнёрстве вельмі важныя і патрэбныя», — упэўнены ён.

7 траўня ў Празе Юшчанка правёў сустрэчу з еўракамісарам па знешняй палітыцы Бенітай Ферэра‑Вальднер, з якой, у прыватнасці, абмеркаваў развіццё беларуска‑еўрапейскіх адносін. Ён выказаў надзею, што гэтае двухбаковае супрацоўніцтва будзе актывізавана.

Нагадаем, 6 траўня прэзідэнты Украіны і Беларусі сустракаліся ў Гомелі, дзе Лукашэнка выказаў падзяку ўкраінскаму калегу за падтрымку ўдзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства».

Саміт праходзіць у закрытым рэжыме. Журналісты мелі магчымасць праслухаць прывітальныя рэплікі прэм’ера Чэхіі Мірэка Тапаланека (краіна старшынствуе ў ЕС) і старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу.

Пасля завяршэння саміта адбудзецца прэс‑канферэнцыя чэшскага старшынства. З журналістамі таксама сустрэнецца Віктар Юшчанка. Беларуская дэлегацыя сустракацца з прадстаўнікамі СМІ не плануе.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0