Паездку ў Салігорск Лукашэнка напоўніцу выкарыстаў дзеля піяраўскіх мэтаў. Адпрацаваны ўсе адчувальныя пытанні: ад візіту ў Ватыкан да «дэзы» аб продажы «Іскандэраў» Ірану ды Сірыі.

У шахцёрскім горадзе Лукашэнка выказваўся па-народнаму сакавіта. Спекуляцыі маскоўскіх дзеячаў на ягонай ідэі фікс — састыкаваць у Беларусі пантыфіка з патрыярхам — афіцыйны кіраўнік адкаментаваў так: «Якая тут палітыка? У некага ў Расіі нешта свярбіць, як казаў Чарнамырдзін. Дык чухайце ў іншым месцы!».

(І тут жа перайшоў на палітыку, прызнаўшыся, што папа ды кардынал Бертонэ спрыяюць наладжванню дыялогу з Захадам.)

Увогуле Расіі трапіла на арэхі. На яе чарговы раз ускладзена віна за правал саюзнага праекта.

Такім своеасаблівым метадам ад зваротнага завуалявана апраўдваецца цяперашняе збліжэнне з ЕС. Пры гэтым Лукашэнка традыцыйна запэўніў, што «ні ў які дрэйф [на Захад] мы не кладземся».

Між тым ён гатовы «змагацца за зону свабоднага гандлю, што ўключае нас і Еўрасаюз». А таксама з Украінай і дзяржавамі Балтыі працаваць над развіццём «так званага калідора № 9 з варагаў у грэкі», на што мяркуецца атрымаць мільярд еўра інвестыцый. Відавочна, што такія сумы натхняюць афіцыйны Мінск болей, чым дэкларацыі Еўрапарламента.

Зазначым: зона свабоднага гандлю вымагае ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і ўвогуле ўсталявання цывілізаваных правіл гульні ў эканоміцы. Уключна з адмовай ад улюбёнага пратэкцыянізму. Калі намер сур’ёзны, то давядзецца значна карэктаваць «беларускую мадэль».

Даўшы адлуп «укідам», што Беларусь нібыта маецца прадаваць С-300 ды «Іскандэры» Тэгерану і Дамаску, Лукашэнка яшчэ раз паказаў, што вельмі не хоча, каб нейкая лыжка дзёгцю сапсавала зараз нармалізацыю з Захадам.

Увогуле значная частка выказванняў у Салігорску — гэта адбіванне інфармацыйных атак Масквы. Хваляй адпаведных публікацый яна выдае сваё сапраўднае, адрознае ад таго, што дэкларуецца з крывымі дыпламатычнымі ўсмешкамі, стаўленне да ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве».

Беларускі кіраўнік тую праграму хоць і ўхваляе, але пры гэтым не здраджвае сабе. Вось ягоная філасофія прагматызму ў стасунках з Захадам:

«Пры чым тут правы чалавека да нафты і газу? Дзе ЗША купляюць нафту і газ — хіба ў самых дэмакратычных, на іх думку, дзяржавах?».

Еўропе давядзецца мець справу з цвёрдым арэшкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?