Беларусь святкуе 64-ю гадавіну перамогі над фашысцкай Германіяй.

Афіцыйныя святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі пройдуць сёння ва ўсіх гарадах краіны.

У Мінску з 12.00 да 13.30 з удзелам прэзідэнта адбудзецца шэсце ветэранаў, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў.
У ім плануецца ўдзел каля 5,5 тысячы чалавек. Калона ўдзельнікаў шэсця пройдзе па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, дзе адбудзецца ўскладанне вянкоў.
Святочныя мерапрыемствы будуць арганізаваныя на 15 канцэртных пляцоўках сталіцы.

Галоўныя — у парку імя Горкага, каля Палаца спорту і каля Палацу культуры чыгуначнікаў.

Салют у гонар Дня Перамогі будзе дадзены ў шасці месцах:

на пляжы ў парку 50-годдзя Перамогі; на пустцы ў раёне вуліцы Кунцаўшчына; на пустцы паміж вуліцамі Гарэцкага і Панамарэнкі; на набярэжнай Чыжоўскага вадасховішча ў парку імя 900-годдзя Мінска; на пустцы ў раёне Дома міласэрнасці ў мікрараёне Усход; у ваенным гарадку Уручча.

Як заявілі напярэдадні прадстаўнікі Мінгарвыканкама, у горадзе будуць уведзеныя павышаныя меры бяспекі.

Усе удзельнікі і госці шэсця мусяць прайсці праз металадэтэктары, а ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і ў радыусе 500 метраў ад іх забаронены продаж алкаголю.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 красавіка 2009 года ў Беларусі пражывала 49 тысяч 120 ветэранаў Другой сусветнай вайны і больш за 47 тысяч вязняў фашысцкіх канцлагераў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0