Інцыдэнт здарыўся 10 траўня ў Мінску. Пацярпелі таксама кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і ягоны брат Юры.

Пра напад на сваю сям’ю афіцэра расійскага спецназу кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін падрабязна напісаў у сваім блогу. Гэта здарылася 10 траўня, у дзень ад’езду вядомага драматурга ў Лондан.

У аэрапорт Халезіных мусіў адвесці брат Мікалая Юры. Рэчы ў аўто дапамагаў спакоўваць цесць Мікалая Халезіна прафесар Андрэй Каляда. У нейкі момант да іх пад’ехаў чорны Subaru Tribeca, з нумарам 0707 НН-7, кіроўца якога пачаў лаяцца нібыта з-за таго, што спазняўся, а аўто Халезіных яму замінала. На просьбы не мацюкацца ў прысутнасці дзіцяці (а побач была маленькая дачка Халезіных), дзяцюк выскачыў з аўто і пачаў збіваць спачатку Юрыя, а пасля і Мікалая.

У справу ўмяшаўся Андрэй Андрэевіч Каляда, але раз’юшанага нападніка выгляд сівога сямідзесяцігадовага мужчыны не спыніў — прафесар атрымаў моцны ўдар у скронь і паваліўся на зямлю (на шчасце пазней медыкі не знойдуць сур’ёзных пашкоджанняў у прафесара).
На гэтым невядомы вырашыў рэціравацца і на развітанне параіў не тэлефанаваць у міліцыю, бо нібыта ён сам там працуе.

У міліцыю ўсё ж патэлефанавалі і пакінулі там заяву. Хутка высветлілася, што невядомы нападнік — афіцэр расійскага спецназу, дзесяць гадоў адваяваў у Чачні,

а ў той дзень проста спазняўся адвесці сястру на вакзал.
Ён двойчы прыходзіў да бацькоў Халезіна і тлумачыў свой учынак траўмаванай у Чачні псіхікай.

Па словах Мікалая Халезіна, Андрэй Андрэевіч Каляда баіцца за сям’ю і не жадае размаўляць з прэсай. Некалькі спробаў «НН» звязацца з прафесарам пакуль што скончыліся ні чым. У міліцыі цяпер разам з заявай знаходзіцца таксама яго даведка з бальніцы хуткай дапамогі з зафіксаванымі цялеснымі пашкоджаннямі. Да вяртання з-за мяжы Халезіных ён вырашыў нічога не рабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?