hc-ska.ru

hc-ska.ru

Пра вынікі чэмпіянату свету карэспандэнт «НН» пагутарыў з другім трэнерам зборнай Эдуардам Занкаўцом.

«Наша Ніва»: Якія ў Вас уражанні ад сёлетняга першынства?

Эдуард Занкавец: Станоўчыя, харошыя. Не засталося абсалютна ніякага негатыву.

«НН»: Месца ў васьмёрцы — гэта столь для зборнай, ці ёсць куды расці?

ЭЗ: Безумоўна, ёсць.

Нават на гэтым чэмпіянаце мы маглі быць вышэй, каб нам спрыяла фартуна. Маю на ўвазе тое, што не хапіла крышачку шанцавання ў матчы з Расіяй.

«НН»: Ці можна казаць пра тое, што Беларусь сфарміравалася як хакейная дзяржава?

ЭЗ: Натуральна. Для хакею ў краіне робіцца вельмі шмат. І гэта дае свае вынікі. Магчыма, мы яшчэ не з’яўляемся лідэрамі сусветнага хакею, але тэндэнцыя абнадзейвае. І тое, што Беларусь можна назваць хакейнай дзяржавай, то няма ніякага сумневу.

«НН»: Беларусь здольная якасна правесці чэмпіянат свету 2014 году?

ЭЗ: Без усялякіх сумневаў. Магу запэўніць, што першынства пройдзе на самым высокім узроўні. І гэты чэмпіянат увойдзе ў гісторыю як адзін з найлепшых.

«НН»: А што для Вас асабіста значыць правядзенне першынства ў Мінску?

ЭЗ:

Найперш тое, што ўсе мае сваякі і сябры атрымаюць магчымасць паглядзець матчы зорак сусветнага хакею.
Перакананы, што беларусы ў такой пачэснай кампаніі не згубяцца і парадуюць балельшчыкаў добрай гульнёй.

«НН»: Дарэчы, у беларускіх СМІ было шмат нараканняў адносна ўмоваў у Швейцарыі. Адчувалі нейкі даскамфорт?

ЭЗ: Не ведаю, хто гэта прыдумаў. Чэмпіянат арганізаваны быў добра. Ніякіх скаргаў адносна бытавых умоваў, ці нейкіх хакейных момантаў, у мяне няма.

«НН»: Што трэба зрабіць, каб Беларусь не проста трапляла ў плэй‑оф, але і змагалася за медалі?

ЭЗ: Яно робіцца. Выступленне мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце КХЛ гэтаму спрыяе. Гульцы непазбежна будуць прагрэсіраваць у такой моцнай лізе. І чым болей беларусаў будзе ў складзе «Дынама», іншых каманд КХЛ, тым лепей для зборнай. Вялікім станоўчым момантам з’яўляецца тое, што і наш найлепшы клуб, і зборную ў наступным сезоне будзе ўзначальваць адзін спецыяліст — Глен Хэнлан.

«НН»: Дык можа аднаго беларускага клубу ў КХЛ мала?

ЭЗ: Ведаеце, магчыма, маё меркаванне будзе разыходзіцца з афіцыйным і з эканамічным становішчам.

Але я лічу, што было б добра, каб яшчэ адна беларуская каманда змагла гуляць у Кантынентальнай лізе.
Пытанне толькі ў тым, наколькі нам хопіць сродкаў на гэта.

«НН»: Хто на Ваш погляд быў найлепшым у складзе зборнай у Швейцарыі?

ЭЗ: Андрэй Мезін. Ён цалкам заслужыў званне найлепшага брамніка першынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?