Здымак з міжваенных часоў. Я.Найдзюк — злева.
Побач - Уладзіслаў Тарасевіч
Сёння споўнілася 100 гадоў Язэпу Найдзюку, выдаўцу, пад кіраўніцтвам якога пабачыла свет большасць беларускіх выданняў міжваеннай Польшчы.

Месца нараджэньня — вёска Бойдаты (сёння Ваўкавыскі р‑н Гарадзенскай вобл.). Вучыўся ў Ваўкавыскай настаўніцкай семінарыі і Віленскай беларускай гімназіі. Працаваў друкаром у віленскай беларускай друкарні імя Скарыны, быў яе дырэктарам. З 1929 г. рэдагаваў часопіс «Шлях моладзі», які быў зачынены польскімі ўладамі. У жніўні 1939 г. рэдактар, выдаўцы і члены рэдакцыйнай калегіі былі арыштаваныя і зняволеныя ў лагеры Картуз‑Бяроза. Вызвалены пасля заняцця Бярозы часцямі Чырвонай Арміі, вярнуўся ў Вільню, працягваючы працу ў беларускіх арганізацыях, таксама пасля перадачы Віленскага краю Літве.

«Выдатны чалавек, кнігавыдавецтва было справай яго жыцця», кажа пра Найдзюка гісторык Юры Туронак.

Але адзначыўся Найдзюк ня толькі ў кнігадрукаванні: напісаў і выдаў нарыс гісторыі Беларусі «Беларусь учора й сёньня». Кніга Язэпа Найдзюка пяцьдзесят гадоў была адным з нешматлікіх падручнікаў для вывучэння беларускага руху.

У час Другой сусветнай вайны з восені 1941 жыў у Менску, працаваў у школьным інспектараце і быў тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску». Быў намеснікам члена рады беларускай народнай самапомачы.

«Ні аб якой калабарацыі Найдзюка не можа ісці гаворкі, — кажа Юры Туронак. — Калабарацыя — гэта праца на шкоду ўласнаму народу. Але ніякай шкоды ён не прычыняў: ён інспектаваў школы і выдаваў беларускія кніжкі».

Тым часам як жонка з дзецьмі засталіся ў Беларусі, Язэп Найдзюк перабраўся ў Польшчу Там, хаваючыся ад савецкіх спецслужбаў, жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча. Працаваў дырэктарам друкарні, якую сам і заснаваў. Вёў ліставанне з Ларысай Геніюш. Пра польскі перыяд жыцця выдаўца Юры Туронак кажа: «Доўгі час Язэп Найдзюк сядзеў ціха. Беларускай справай амаль не займаўся, высцерагаючыся дэпартацыі ў СССР. Але на пачатку 80‑х падаў рукапіс гістарычнага падручніка для школьнікаў «Пазнавайма гісторыю беларускага народу» «.

У 2004, дваццаць гадоў па смерці, грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала памяць Язэпа Найдзюка (Александровіча) адкрыццём на сцяне друкарні памятнай шыльды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?