Віцебская «вертыкаль» абяцала пазбавіць жыхароў вобласьці ад такой небяспекі. Забілі сотні жывёлін, але жаданага выніку няма.

Дактары кажуць: «сам вінаваты»

Жыхар вёскі Вялікі Азярэц Сенненскага раёна ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыў спраўднага янота. Сустрэўшы звярка на асабістым падворку, малады чалавек паспрабаваў яго злавіць. «Сафары па-беларуску» скончылася тым, што янот укусіў чалавека за палец. Тады раззлаваны хлопец вырашыў забіць здабычу.

Праз паўтара месяца ў яго выявіліся клінічныя сімптомы шаленства. У інфекцыйным шпіталі страшны дыягназ пацвердзілі. Але, на жаль, медыцыне пакуль невядомыя спосабы выратавання жыцця чалавека, ў якога ўжо пачала развівацца хвароба. І, як кажуць дактары, амаль няма шансаў на выратаванне, бо адзіная магчымасць застацца ў жывых пасля кантакту з шалёнай жывёлай – гэта прафілактычныя прышчэпкі. Іх неабходна рабіць у тым выпадку, калі любая незнаёмая жывёліна, асабліва з неадэкватнымі паводзінамі, падрапала або ўкусіла чалавека.

Хлопец з Сенненшчыны забітага янота закапаў на гародзе, ранку ад укуса апрацаваў як умеў, а пра тое, чаму асцярожны лясны звер раптам з’явіўся ў вёсцы, нават не падумаў.

Сенненскі раён лічаць «самым шалёным»

На дадзены момант ў вёсцы Вялікі Азярэц праводзяццца эпідэміялагічныя мерапрыемствы: медыкі-інфекцыяністы высвятляюць, ці меў яшчэ хто-небудзь кантакты з хворай жывёлай. Заадно даводзіцца пераконваць спалоханых вяскоўцаў, што ад чалавека да чалавека інфекцыя не перадаецца.

Як паведамілі ў абласным Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, са 170 выпадкаў шаленства ў жывёлы, зарэгістраваных па вобласці з пачатку года, 26 зафіксавана на Сенненшчыне. Гэта амаль 18 адсоткаў ад агульнай колькасці, прычым у кожным выпадку шалёнымі аказваліся менавіта дзікія, а не хатнія ці свойскія жывёлы.

«Інфекцыю трэба знішчаць у лесе, а не забіваць няшчасных катоў ды сабак!»

Прыкладна такімі словамі старшыня грамадзкага аб’яднання «Сябры жывёлаў» Наталля Спірыдонава распачынае гаварыць пра ўласнае бачанне праблемы шаленства на Віцебшчыне.

- Справа ў тым, што абласному ды гарадскому кіраўніцтву чамусці выгадней знішчаць бадзяжных жывёл у горадзе, чымсьці падтрымліваць належны санітарна-экалагічны баланс. За апошнія гады Міністэрства сельскай гаспадаркі зменшыла колькасць сродкаў на вакцынацыю дзікіх жывёл, і таму ў мясцовых лясах тут жа ўзніклі ачагі шаленства. Замест вакцынацыі быў абраны шлях масавага знішчэння ліс ды янотавідных сабак, што аўтаматычна прывяло да павелічэньня колькасці хворых грызуноў. А гэта справакавала «пераход» эпідэміі шаленства ў гарады – сярод гарадскіх кошак ды сабак. Вось так з’явілася тэорыя пра адстрэл бадзяжных жывёл як адзіны сродак супраць шаленства.

Тэорыю ўладаў падмацаваў трагічны выпадак трохгадовай даўніны, калі ад шаленства загінуў жыхар Воршы, якога пакусаў бадзяжны сабака. З тае пары, як кажа Наталля Спірыдонава, знішчэнне беспрытульных жывёлаў стала свайго кшталту «дзяржаўнай праграмай», на якую былі выдаткаваныя куды большыя сродкі, чымсьці раней аддаваліся на лясную вакцынацыю: прадпрыемства «Спецавтабаза» закупіла адмысловыя стрэльбы «Санітар», замовіла некалькі скрыняў прэпарата «Адылін-супер», які выклікае смерць жывёліны ад удушша і заснавала норму»для «знішчальнікаў» – 4 сабачыя або каціныя галавы штодня...

Жыцця 22-гадовага хлопцы ахвяры братоў нашых меншых не ўратавалі.

Алёна Штраль, Прыдзьвінне, Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0