Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў 2008 годзе ў рамках праекта ЮНІСЕФ "Прычыны сямейнага няшчасця ў Рэспубліцы Беларусь", галоўнай прычынай сямейных канфліктаў з'яўляецца недахоп і няўмелая трата грошай.
Пра гэта паведаміла міжнародны каардынатар Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын Святлана Бурава на прэс-канферэнцыі ў Мінску 12 мая.
Сярод іншых прычын сямейных няўдач
–– адсутнасць паразумення, разыходжанне ў пытаннях выхавання дзяцей (ступень удзелу ў выхаванні, метады і мэты выхавання), праблемы ў размеркаванні сямейных абавязкаў. На апошнім месцы сярод прычын канфліктаў у сям'і знаходзіцца п'янства. Паводле слоў С.Буравай, людзі не ўспрымаюць п'янства як праблему з-за таго, што "п'юць усе", хоць п'янства і алкагалізм з'яўляюцца сур'ёзнай сацыяльнай праблемай.
Паводле апытання, у Беларусі павялічваецца колькасць няпоўных сем'яў, якія ўзначальвае маці.
У няпоўных сем'ях пражываюць 26,5% жанчын і 3,3% мужчын.
У поўных сем'ях жонкі часцей маладзейшыя і больш адукаваныя, чым мужчыны. Пры гэтым заработная плата ў 65% сем'яў у жанчын ніжэйшая, чым у мужчын.
Праблемай для беларускай сям'і застаецца няроўнае размеркаванне сямейных абавязкаў. Выкананне хатняй працы па-ранейшаму з'яўляецца доляй жанчын. Гэтая акалічнасць разам з недастатковым удзелам мужчын у справах сям'і і выхаванні дзяцей, іншымі негатыўнымі фактарамі робіць жанчын менш задаволенымі сямейным жыццём у параўнанні з мужчынамі. У выніку рашэнне аб скасаванні шлюбу часцей зыходзіць ад жонкі, зазначыла С.Бурава.