Загадчыца аддзялення планавання сям’і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Ала Камлюк на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 12 траўня заклікала ўсіх будучых бацькоў прайсці абследаванне, перш чым завесці дзяцей.

Для гэтага досыць звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства або ў службу планавання сям’і. Там можна атрымаць кансультацыю па падрыхтоўцы да цяжарнасці і выбары метаду кантрацэпцыі каб пазбегнуць непажаданай цяжарнасці.

У жаночых кансультацыях, паліклініках даступна правядзенне абследавання, лячэння і падрыхтоўкі арганізму жанчыны за тры‑шэсць месяцаў да планаванай цяжарнасці.

А.Камлюк зазначыла, што прадухіліць усе негатыўныя фактары немагчыма. У спісе медыцынскіх супрацьпаказанняў для нараджэння дзіцяці 140 пазіцый.

Сюды ўключаны некаторыя захворванні апорна‑рухальнага апарату, шэраг псіхапатычных станаў і інш. Паводле слоў спецыяліста, у Беларусі жанчыны, якія маюць супрацьпаказанні да цяжарнасці, часта адмаўляюцца яе перарываць: жаданне мець дзіця прымушае іх рызыкаваць уласным здароўем, а часам жыццём.

Загадчыца аддзялення РНПЦ «Маці і дзіця» падкрэсліла, што медыкі не могуць настойваць на перапыненні цяжарнасці па медыцынскіх паказаннях.

Кансіліум лекараў у выпадку пагрозы жыццю і здароўю жанчыны толькі рэкамендуе перапыніць цяжарнасць.

Рашэнне прымае сама жанчына. Калі яна адмаўляецца перарываць цяжарнасць, медыкі дапамагаюць ёй у сілу сваіх магчымасцяў.

Алена Спасыюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0