Першы раз за 62 гады існавання кінафэст у Каннах распачнецца мультфільмам.

«Угору» (Up) – анімацыйная стужка амерыканскага рэжысёра Піта Доктэра. Сюжэт: стары спраўджвае мару аб падарожжы ў паветры, прывязаўшы тысячы паветраных балонікаў да сваёй хаты. Дзякуючы агучванню ў мультфільме вакальных нумароў, на чырвоны дыван Каннаў ступіць Шарль Азнавур.

Акрамя францускага шансанье ў Канны прыедзе таксама Квентын Таранціна з фільмам «Непрыкметныя выблядкі» (Inglourious Bastards), Ларс фон Трыер з трымценнікам «Антыхрыст», Джэйн Кэмпіён з «Яркай зоркай» (меладрама пра ангельскага паэта), Кен Лоўч са спартовай трагікамедыяй «Шукаючы Эрыка» (Looking for Eric), а таксама Педра Альмадавар з «Разарванымі абдымкамі» (Los Abrazos Rotos).

Усяго ў асноўнай праграме будуць прэзентаваныя 20 стужак. Па‑за конкурснай праграмай застаўся фільм, які , пэўна, здольны нагнаць хвалю ў Канскай рыв’еры – гэта стужка Тэры Гільяма «Фантазіум доктара Парнаса» (Imaginarium Of Doctor Parnassus), пра ўгоду дырэктара вандроўнага цырка з Шатанам.Тут‑ акторскае сузор’е: ад Джоні Дэпа і Крыстофера Пламера да сіпатага выканаўцы блюзаў Тома Ўэтса.

Але подых крызісу лунае ў канскім паветры. На кінематаграфічным кірмашы, які зазвычай ладзіцца падчас кінафэсту, скасаваныя сотні кантрактаў на пракат фільмаў. Дырэктар фестывалю Тэйры Прэма кажа, што сёлета адбудзецца параўнальна менш урачыстасцяў. «Можа, яно да лепшага, — зазначыў Прэма французскай прэсе, — вечарынаў і ўрачыстасцяў на фэсце заўсёды было аж занадта. Мусіць, гэтым разам мы здолеем засяродзіцца на фільмах, а не на зорках».

Але з іншага боку, для галівудцаў Канскі кінафэст – выключная нагода іншых паглядзець і сябе паказаць. Нават сёлета, у год вялікага эканамічнага спаду, былі загадзя ўзятыя ў арэнду некалькі дзясяткаў яхтаў і былі заказаны сотні шыкоўных нумароў для такіх кіназорак, як Джоні Дэп, Пенелопа Круз і Брэт Піт. «Дыёр» і «Шанэль» ужо фігуруюць як вытворцы сукняў для акторак Шарлін Тэрон і Робін Райт Пэн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?