flicr.com

flicr.com

«Ноч музеяў» – штогадовае свята, прытарнаванае да Міжнароднага дня музеяў. Гэты фэст у апошнія гады набыў сапраўды ўсееўрапейскі размах: у 40 краінах гэтымі днямі (а, дакладней, начамі) свае дзверы наведнікам гасцінна адчыняюць больш за 3 тысячы музеяў.

Сёлета у Беларусі «Ноч музееў» святкуюць як ніколі шырока: акрамя традыцыйных экскурсіяў па музейных залах, гэтым разам наведнікам прапануюцца таксама мастацкія і тэатралізаваныя імпрэзы, якія пройдуць не толькі ў сталічных музеях.

Такім чынам, «Ноч музеяў» у Беларусі:

Гомель. Гамельчукам 17 мая надорыцца магчымасць начнога шпацыру сярод экспанатаў Палацу Румянцавых і Паскевічаў. Як паведамляе сайт Гомельскага палацова‑паркавага ансамблю, у межах культурнай акцыі плануюцца традыцыйныя экскурсіі, вечар‑прыём у стылі светскіх раўтаў канца XVIII — пачатку XIX стст., а таксама канцерты класічнай музыкі, гомельскіх бардаў і выступ тэатра моды. Асноўныя імпрэзы адбудуцца на пандусе палаца і ў парку ля фантана.

Гродна. У горадзе над Нёмнам адбудзецца не толькі Ноч Музеяў, але і Дзень. Такім чынам, дзённая праграмма (17 мая):

•11.00 Новы замак — Выступ клуба славянскіх адзінаборстваў «Арыдан».

•13.00 Новый замок — канцэрт навучэнцаў каледжа мастацтваў

•з 13.00 у Старым замку ладзіцца майстар‑класа гродзенскіх лучнікаў і адбудзецца выступ клуба гістарычнай рэканструкцыі «Гарадзенскі двузуб»

•16.00 Стары замак – «Музыка сярэднявечных дудароў» у выкананні гурта »Minnentahl».

На імпрэзы дзённай праграмы уваход вольны.

Вечаровая праграма (Новы замак):

•20.30 Прэзентацыя ўнікальнага экспаната «сведка апошняга сойма Рэчы Паспалітай», прэзентацыя кнігі «Падарожжа па Панямонні».

•21.00 Экскурсія па музеі

•21.30 «Ісус Хрыстос – суперзорка» – музыкальная кампазіцыя паводле Вебера і Райса на прыступках замка.

Білет на вечаровую праграму каштуе10 000 рублёў.

Віцебск. 18 мая Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва прэзентуе арт‑праект «Музыкальна‑цыркавыя фантазіі ад Марка і Казіміра», Сярод удзельнікаў акцыі – артысты «Неверагодна дзіўнага цырка», віцебскія мастакі, гімнасты спартовага клуба, студыя «Move‑art», нефармальныя музычная групы «Алмазный фронт», «SouthBand» и «TheGarretcoverband» . У Музычнай гасцёўні (пр‑кт Фрунзэ, 11) адчыніцца выстава фатаграфіі «Палёт чуллівасці. Эротыка ў цырку». На пляцоўках ля выставачнай залі ў музычным аздабленні адбудзецца сватарэнне мастацкіх палотнаў, а таксама пакажуць фільмы пра творчую спадчыну Марка Шагала, Казіміра Малевіча і Эль Лісіцкага. Імпрэзы пачнуцца ў 20.30 і працягнуцца да 24.00.

Магілёў. 16 мая вас запрашае Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава і музей этнаграфіі:пахадзіць па музейных залах, атрымаць асалоду ад інструментальнай музыкі і народных спеваў, а таксама адведаць кірмаш сувеніраў.

Полацак. Палачане сустрэнуць «Ноч Музеяў» упершыню. 16 мая будуць адчынены 11 музеяў гісторыка‑культурнага запаведніка. Уваход‑вольны. У Сафійскім саборы – начны канцэрт класічнай музыкі, у мастацкай галерэі – перфоманс «Стварэнне светлавога шэдэўру», у краязнаўчым музеі – кінасэанс на вольным паветры, у прыродна‑экалагічным – канцэрт рок‑гурта INDRA.

Менск. У літаратурным музеі Янкі Купалы (Менск, вул. Я. Купалы, 4) «Ноч музеяў» пачнецца 16 мая а 18 гадзіне з прэзетнацыі карціны мастака В. Нямцова «Партрэт маладой маці Янкі Купалы Бянігны Валасевіч». Потым:

19.00 — Імпрэза «Купалавым гасцінцам». Прэзентацыя філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў суправаджэнні этна‑гурта «Ветах».

20.00 — Фольк праграма «Дзівасіл».

21.00 — Вечар сучаснай беларускай паэзіі «Паэтычныя Акварыды» (Акварыды — метэарытны паток, які ляціць у траўні з сузор’я Вадаліву). Сярод выступоўцаў — маладыя пісьменнікі з суполкі «Літаратурнае прадмесце» пад кіраўніцтвам Л.Рублеўскай.

22.00 — «Акустыка музейнай цішыні» (выступленне літаратурна музычных гуртоў «Босае сонца», «Жаба ў каляіне»).

Мастацкі музей 16 мая запрашае наведаць імпрэзу «Усходняя ноч», у рамках якой адбудзецца адкрыццё 3 выставаў: «Людзі Егіпта» фотамастака Вадзіма Качана, «Схаваная Японія» майстра графікі Яхагі Кідзюра, а таксама выстава рарытэтных злепкаў старажытнаегіпецкіх скульптураў. Апроч экспазіцыяў – тэатральна‑мастацкае прадстаўленне «Калейдаскоп усходніх мрояў». Наведнікі, якія прыйдуць у мастацкі музей у традыцыйных колерах Усходу: чырвоным або залатым – атрымаюць права на вольны ўваход.

У літаратурным музеі Якуба Коласа адбудуцца экскурсійны майстар‑клас «Ландшафтныя сядзібы Мінска» на прыкладзе маёнткаў беларускіх шляхецкіх родаў Гутэн‑Чапскіх і Прушынскіх, а таксама адбудзецца выстава аграсядзібаў Мінскай вобласці на вольным паветры. Да таго ж, у праграме свята: начная экскурсія па мінскіх адрасах Якуба Коласа, фотасесія побач з паэтавым аўтамабілем «Победа», сцэны са спектакляў паводле твораў Коласа, а таксама літаратурны вечар, прысвечаны перакладам паэмы «Новая зямля» на еўрапейскія мовы.

А як будуць святкаваць «Ноч Музеяў» нашыя суседзі? У Санкт‑Пецярбурзе арганізатары найперш пацешаць наладжанасцю свята: да 6‑ай раніцы будуць працаваць 40 музеяў і паміж імі будзе хадзіць дармавы аўтобус. У большасць піцерскіх музеяў можна будзе трапіць па адзіным квітку, які будзе каштаваць 250 рас. рублёў (каля 22 тыс. бр). Літва: у сталіцы тамтэйшых півавараў – Біржах, арганізатары «Ночы Метала» запрашаюць на вечар містыкі і магіі лічбаў у былы замак Радзівілаў. Ноч Музеяў у Варшаве пачнецца вечаровым парадам танцоўшчыкаў і жанглёраў, якія пройдуць ад Кракаўскага Прадмесця да Замкавага Пляцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?