Як бы ні было цяжка, у нас, у Заходняй Беларусі, пасля вайны на чыгуначныя станцыі прывозілі коньмі збожжа (на падатак) столькі, што не паспявалі вывозіць вагонамі.

Сам вазіў і бачыў. Такі быў энтузіязм, калі сялянам раздалі панскую зямлю. Але не доўга музыка іграла. Сістэме не патрэбныя свабодныя працаўнікі (а кантракты сёння для чаго?). Абклалі грабежніцкімі падаткамі, абклалі грашовым зборам дрэвы, вуллі і нават хатнюю птушку. Людзей пазбавілі гападаркі і энтузіязму ў працы. Трымалі ў калгасах як маглі: не давалі пашпарту. Не дапамагала: хто ішоў у войска, у калгас не вяртаўся. Завярбоўваліся ў Данбас, у Мінск на будаўніцтва заводаў і нават у Варкуту на шахты.

Выраслае ў калгасе пакаленне не прывучанае добрасумленна працаваць, співаецца. Спрыяе палітыка нізкіх цэнаў на алкаголь. Параўнайма цану «бармутухі» і мяса. Вось чаму ў Беларусі такая малая працягласць жыцця ў мужчынаў.

Кіруючы клан не можа адмовіцца ад прыгону і запалохвання, каб толькі захаваць уладу. Яскравы прыклад — будаўніцтва аграгарадкоў. Гэта робіцца, каб сканцэнтраваць жывёлагадоўлю, птушкагадоўлю ў комплексах‑гігантах, дзе працуюць сотні работнікаў па кантракце, за якімі наглядаюць дзясяткі спецыялістаў‑прыганятых.

Гучаць песні аб вялікіх намалотах і літрах надоенага малака, але сабекошт прадукцыі і рэнтабельнасць у калгаснай гаспадарцы ні адзін чыноўнік‑агітатар не асмеліцца агучыць. Напрыклад, два калгасы ў Баранавіцкім раёне аддалі на шэфства Жабінкаўскаму цукроваму заводу, які «ганяе» тэхніку на работу за 200 км. І такіх прыкладаў мноства.

Яшчэ аб чым маўчаць пеюны‑прапагандысты адраджэння сяла —жудасна атручаная хімікаліямі глеба, вада і паветра вакол страшылішчаў‑комплексаў.

Напрыклад, у маім калодзежы, і не толькі ў маім (а гэта вёска Русіны, дзе размешчаная птушкафабрыка), вада ўтрымлівае нітратаў у тры разы болей за норму! Не лепшая і бульба. Якое ж тут адраджэнне, калі неўзаметку труцімся?

Выйсце — яно ў руках сумленных людзей і самаахвярнай інтэлігенцыі. Як Колас пісаў: «Набыць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Без адраджэння сялянскіх гаспадарак Беларусь не будзе мець будучыні як дзяржава. Вось на што трэба траціць замежныя крэдыты. А не на АЭС, якая ў канчатковым выніку сябе не акупіць і загубіць навечна 3000 га ўраджайнай зямлі.

Вячаслаў Сухарэбскі, Русіны (Баранавіцкі раён)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0