Дзве працы беларускага мастака з Падляшша Лёніка Тарасевіча былі прададзеныя на аўкцыёнах у Варшаве і Стакгольме за 47 і 44 тысячы даляраў.

«Аматараў сучаснага мастацтва не бракуе. Доказам гэтага з’яўляюцца сумы продажаў на аўкцыёнах», — піша польскі партал «Inwestycje». Паводле звестак выдання, беларус Лявон Тарасевіч увайшоў у дзесятку мастакоў, чые працы былі найдаражэй прададзеныя з аўкцыёнаў у Польшчы і за мяжой. Што адбываецца на аналагічным рынку ў Беларусі?

Мастачка Зоя Луцэвіч прызнае, што аўкцыённы рух у Беларусі амаль адсутнічае. «Прыязджаюць замежныя агенты, цікавяцца мастакамі і карцінамі, але на гэтым ўсё часцей і спыняецца. І так адбываецца не таму, што ў нас няма вартых», — кажа яна.

«Арт‑рынак існаваў заўсёды, але не ў нас. Але зараз мы хаця б ведаем гэтае слова, — адгукаецца мастак Валянцін Губараў. — У Еўропе існуе жорсткая сістэма: мастак‑галерэя‑кліент. У нас куплянне карціны — гэта рызыка і густаўшчына. Наш чалавек, які набывае карціну, часцей за ўсё разважае так: прыгожа, а таксама вельмі пасуе да шпалераў і гардзінаў», — кажа мастак.

Але не толькі ў малой колькасці галерэяў палягае праблема беларускага арт‑рынку, лічыць Валянін Губараў: «Няма крытыкаў і мастацтвазнаўцаў. Нашыя крытыкі вельмі добрыя: альбо хваляць, альбо нічога не кажуць. А галоўнае, няма людзей, якія разумеюць, што мастацтва каштуе вялікіх грошай».

У якасці прыкладу таго, што мастацтва ў сённяшні крызісны час — самы надзейны аб’ект інвестыцый, Валянцін прыгадаў нядаўні выпадак з продажам карціны Маціса, якая належала вядомаму французскаму мадэльеру Іву Сен‑Ларану: «Быў у яго шыкоўны дом на 1,5 мільёну даляраў. А вісела ў гэтым доме карціна Маціса, пра якую ніхто не ведаў, і яна была прададзеная за 32 мільёны даляраў. З мастацтвам законы часу дзейнічаюць у процілеглым кірунку — мастацтва з часам толькі даражэе».

Карціны Валянціна Губарава, якія ўпершыню прадставіў на сваіх таргах самы вядомы Аўкцыённы дом «Christie’s», атрымалі самую высокую ацэнку экспертаў. Пра свой аўкцыённы вопыт Валянцін распавядае так: «Гэта быў агульны праект аўстрыйцаў, у якіх былі грошы. Хтосьці ім сказаў, што на карцінах можна добра зарабіць. А ў Беларусі мастакі проста ся¬дзяць на вуліцах і гатовыя прадавацца адносна танна. Абедзве мае працы, якія трапілі на аўкцыён, былі прададзеныя. Карціна «Аглядальнік», якая аказалася самай дарагой на тых таргах, была нават змешчаная на вокладцы каталогу аўкцыёну».

Што да Лявона Тарасевіча — яго думкі наконт галерэяў і арт‑рынку досыць лаканічныя: «Мяне гэта не цікавіць, аўкцыёны працуюць па‑за мной». І гэта нягледзячы на тое, што, па звестках парталу «Inwestycje», у 2007—2008 гадах дзве яго працы былі прададзеныя на аўкцыёнах у Варшаве і Стакгольме за 47 і 44 тысячы даляраў.

Алена Скорабагатава

***

Лёнік (Лявон) Тарасевіч (нар. 1957, станцыя Валілы, блізка Беластоку). Беларус з Падляшша. Актыўна ўдзельнічае ў нацыянальных арганізацыях беларусаў, адзін з арганізатараў фэсту беларускага року «Басовішча». Жыве на роднай станцыі Валілы, гадуе на сваёй сядзібе мноства экзатычных птушак. Выкладае ў Варшаўскай Акадэміі мастацтва. Выставы Тарасевіча адбываліся ў Варшаве, Нью‑Ёрку, Мілане, іншых гарадах.

***

Гэтае палатно, напісанае алеем, памерам 170x260 см на аўкцыёне DA Rempex у Варшаве прадалі за 150 000 злотых (на той момант 47 тыс. даляраў). Карціна паходзіць з «шведскай серыі» мастака, якая паўстала ў прыморскім мястэчку Варнэнас пад уражаннем камяністага марскога ўзбярэжжа. Тарасевіч быў запрошаны туды на пленэр на лета 1985 году. Твор пэўны час, ад пачатку 1990‑х, належаў лідэру групы Roxette Пэры Гесле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0