17 мая пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Літве. Фаварыт - камісар па фінансах ЕС і ўладальніца чорнага пояса па каратэ Даля Грыбаўскайтэ.

Першага туру можа хапіць для абрання прэзідэнта. Хоць Цэнтравыбаркам Літвы зарэгістраваў сем кандыдатаў, сярод якіх тры жанчыны, ёсць яўны фаварыт — еўракамісар Даля Грыбаўскайтэ. Апытанні грамадскае думкі даюць ёй 53% галасоў у першым туры.

Яна нарадзілася 1 сакавіка 1956 году ў Вільні. Вучылася на вячэрнім аддзяленні эканамічнага факультэту Ленінградскага ўніверсітэту. Скончыла ВНУ ў 1983 г. Падчас вучобы адначасова працавала на футравай фабрыцы «Рот‑Фронт». Пасля выкладала палітэканомію ў Віленскай вышэйшай партыйнай школе. У 1991 г. навучалася па праграме для кіраўнікоў у Інстытуце міжнародных эканамічных зносінаў Джорджтаўнскага ўніверсітэту (ЗША).

Ад развалу Савецкага Саюзу і пачаўся палітычны ўзлёт Грыбаўскайтэ. Яна ўзначальвала еўрапейскі дэпартамент міністэрства міжнародных эканамічных адносінаў, потым — аналагічнае ведамства ў МЗС, была паслом Літвы пры Еўрасаюзе, паўнамоцным міністрам у пасольстве Літвы ў ЗША, узначальвала Мінфін ва ўрадзе Бразаўскаса.

Пасля стала камісарам, адказным за фінансавае планаванне і бюджэт у Еўракамісіі. На гэтай пасадзе да Далі Грыбаўскайтэ прыйшла папулярнасць.

Яе называлі літоўскай «жалезнай ледзі». Яна рэзка крытыкавала эканамічную палітыку ўраду, за што нават неаднаразова абвінавачвалася ў палітыканстве.

Калі Грыбаўскайтэ дала згоду ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, інтрыга памерла амаль адразу ж — такая яе папулярнасць. Літоўцы звязваюць з прыходам да ўлады гэтай энергічнай жанчыны надзеі на выхад з эканамічных цяжкасцяў. Часам яе называюць «літоўскім Баракам Абамам», што таксама шмат аб чым гаворыць.

Даля Грыбаўскайтэ, апроч літоўскай, валодае англійскай, польскай, французскай і расійскай мовамі. Не замужам.

У выпадку перамогі Даля Грыбаўскайтэ стане чацвёртым прэзідэнтам Літвы ад 1991 г. А таксама другой жанчынай‑прэзідэнткай на постсавецкай тэрыторыі. Першай у Латвіі была Вайра Віке‑Фрэйберге.

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0