«Рок‑хваля» — The Boat That Rocked, Вялікабрытанія—Нямеччына, 2009, 129 хв.

«Рок‑хваля» — The Boat That Rocked, Вялікабрытанія—Нямеччына, 2009, 129 хв.

Кепскія навіны: рок‑н‑рол даўно памёр. Добрыя навіны: укладальнікі эпітафій па‑ранейшаму стрыгуць купоны. Веснавая «Рок‑хваля» — аднаяйкавы блізнюк зімовых «Стылягаў» Тадароўскага: гісторыя сталення хлопца, які абраў шлях быць не як усе.

Аповед, за якім праглядаецца гісторыя сталенне заходняга грамадства.

Тэма рок‑н‑ролу чарговы раз паспяхова закрытая. Сюжэт такі. Мама пасылае сына‑боўдзілу, выключанага са школы, дабраць розуму да хроснага бацькі — і куды! — на карабель, поўны распасеных, лёгкіх на язык і ўчынкі радыёвядоўцаў, што працуюць на пірацкім «Радыё Рок». Сэкс, наркотыкі і ўсё такое па поўнай праграме на асобна ўзятай палубе. І, вядома, кепскія дзядзькі з ураду Яе Вялікасці ў зашпіленых на ўсе гузікі гарнітурах, бы акулы, кружляюць вакол і прагнуць крыві. Антысістэмная рыторыка: мы супраць іх, яскравая асоба vs. шэры афіцыёз. І, пэўна, для англа‑амерыканскага вуха «Маё пакаленне» гурту The Who і «So Long, Marianne» Леанарда Коэна кладзецца гаючым бальзамам гэтаксама, як для постсавецкага «Скутыя адным ланцугом» «Наўтылусаў».

А яшчэ: памяняйце Ангельшчыну 1960‑х на Беларусь 2000‑х, а радыё — на сеціва.

Умоўнасць сюжэту, нацягнутасці і нестыкоўкі агінаюцца зухаватымі досціпамі, кпінкамі і выдатнай ігрой актораў. Сюжэт забівае такія фільмы, усё роўна як гісторыя згубіла рок‑н‑рол: вось было б добра, каб давеку — вечнае сёння: без адхаднякоў, зморшчынаў і патрэбы рабіць нешта новае. Каб увесь час заставацца ў гэтым зыркім святле пражэктараў.

Але і што з таго, што памёр! Рок‑н‑рольныя забавы Леанарда Да Вінчы з фарбаваннем у залаты колер натуршчыкаў і неймаверным вынаходствам верталётаў таксама мінулі.

У Мінску гэтая, ці не найяскравая стужка году, ідзе толькі ў кінатэатры «Перамога» (вул.Інтэрнацыянальная, 20) — не прапусціце!

Чаму варта глядзець гэты фільм:

1. Дзеля саўндтрэку, з любасцю і дарэчнасцю падабранага: Джымі Хендрыкс, Леанард Коэн (тут глядзець не абавязкова — досыць падчас сеансу раз‑пораз мройна заплюшчваць вочы).

2. Дзеля дыхтоўна‑разняволеных жэстаў Рыса Іванса, што грае рок‑н‑рольнага радыёвядоўцу Жыгала. Выдае, што Рыс у сваёй акторскай кар’еры дайшоў да кандыцыі, дарэчы, як і іншы брытанец, Біл Наі (грае дырэктара радыё, станоўчую акулу шоубізу).

3. Каб зразумець, адкуль пайшлі выразы «пірацкае радыё» і «пірацкія дыскі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?