Найчасцей і найбольш шырока адлюстроўваецца ў модзе бяздзейнасць. А прыкметаў цяжкай працы мода імкнецца пазбягаць. Дызайнер Святлана Длатоўская піша па выніках «Млына моды — 2009».

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

Photo.bymedia.net

З 1 па 3 мая ў Мінску прайшлі паказы калекцый адзення ўдзельнікаў фестывалю «Млын моды». Пачаткам штогадовага агляду твораў маладых мадэльераў пад шыльдай «Млына» стаў 2002 год, але сёлетні фестываль з’яўляецца чамусьці ХV па ліку, мусіць, каб дастасавацца да міжнароднага конкурсу «Расейскі сілуэт», паўфіналам якога мінскае моднае мерапрыемства з’яўляецца.

Рухавік і натхняльнік праекту — Саша Варламаў — харэограф і рэжысёр, стваральнік уласнага рэкламнага агенцтва, арганізатар шматлікіх конкурсаў, мастацкі кіраўнік Цэнтра маладзёжнай моды БДУ з асаблівымі паўнамоцтвамі.

1 і 2 траўня былі паказаныя калекцыі ўсіх беларускіх удзельнікаў фестывалю, абраных у паўфінал — агулам 170 пунктаў. Вылучаліся тры намінацыі: «школа моды» — працы студэнтаў профільных навучальных установаў, сярод якіх Акадэмія мастацтваў, інстытут сучасных ведаў імя Шырокава, БДУ, Віцебскі універсітэт, мінскі каледж швейнай прамысловасці ды шматлікія іншыя — агулам 121 калекцыя.

«Майстар моды» — працы самастойных дызайнераў і прафесіяналаў з прадпрыемстваў («Элемы», «Світанка», «Алесі», «Палесся» ды іншых — 44 калекцыі і толькі 5 калекцыяў prêt‑á‑porter — насібельнага адзення высокай якасці, сярод якіх дзве работы з жодзінскага «Світанка», адна з «Элемы» і яшчэ дзве з МЦ ТДМ.

Колькасная перавага студэнцкіх прац скіроўвала ўвагу найперш на ступень валодання асобнымі творчымі прыёмамі: практыкаваннямі ў колеразнаўстве, плёнам працы з аўтарытэтнымі выкладчыкамі тэхнікі батыка ці архітэктонікі, канструявання.

Узровень толькі адзінкавых калекцыяў досыць моцна выбіваўся з агульнага роўнага шыхту. Амаль нічога правакацыйнага ці няўцямнага, эпатажнага і рызыкоўна‑эксперыментальнага. Вобразы калі і незнаёмыя, то чаканыя, прагназаваныя.

Разнастайнасць ужываных матэрыялаў візуальнага дыскамфорту не выклікала. Што да тэматыкі, то, паводле Сашы Варламава, на бліжэйшае дзесяцігоддзе для млынаўцаў прыдумана адмысловая задача «раскрыць... багацейшы свет беларускага касцюма і тым самым надаць самабытнасці іх творчасці».

Найчасцей і найбольш шырока адлюстроўваецца ў модзе бяздзейнасць. А прыкметаў цяжкай працы мода імкнецца пазбягаць. Натрывала ў ёй замацавалася пакуль тэматыка найбольш рамантычных і гераічных прафесій — авіятараў, маракоў, касманаўтаў, а таксама прафесій‑характараў: сакратаркі, настаўніцы, бізнэсвумэн ды падобных.
Удзельнікі фестывалю ўзяліся досыць паслухмяна засяляць «горад майстроў»: акрэслілі межы («Мой тата — памежнік» — назва калекцыі з Гродна, «Trade‑off» — мытная тэма віцебскіх дызайнераў), бо ажно зашмат падарожнікаў усіх узростаў ды замежных гасцей бізнэс‑ ды эканом‑класу, пешых і аўтастопаўцаў выйшлі на подыум. Сфармавалі войска («Барэты — пісталеты», Мінск), вышкалілі міліцыю («Абрысы сутоння», Баранавічы), каб трымаць у рамках шматлікіх прадстаўнікоў творчых прафесій. Мастакі выйшлі на шпацыр проста з палітрамі і сваімі шэдэўрамі ў руках. Зрэдку з’яўляліся нефармалы і прадстаўнікі субкультураў. Рушылі медыкі, краўцы, вырабляльнікі валёнкаў, музыкі, артысты балету, дзеці‑касманаўты і камп’ютаршчыкі, а таксама дзецюкі — «героі па інтэрнэце» — відавочныя прафесіяналы. У наяўнасці нават свой «Масфільм» з Гомелю. Не абышлося без марской тэмы, як класічнай, так і пірацкай. Падобна, што «Кадравае пытанне» (назва калекцыі з Мінску) з цягам часу вырашыцца паспяхова, бо на неверагодную колькасць вучняў і проста дзяцей знайшлася толькі адна настаўніца па імені Сюзана Дзянісаўна (калі я дакладна расчытала вобраз — маладзенькая практыкантка з Лінгвістычнага універу), а уніформа для абслугі віцебскага гатэлю «Opera house» ужо гатовая.

Дзіцячая тэма — на прывілеяваным месцы — прадстаўлена каля 40 камплектаў адзення для садаўцаў, малодшых школьнікаў і падлеткаў. Па‑першае, эканомія сродкаў, па‑другое — вырабы хоць куды прыдадуцца. У падарунак пляменнікам напрыклад. Да таго ж тэма відавочна блізкая млыноўцам і дазваляе вырашаць досыць тонкія псіхалагічныя праблемы (развітанне з цацкай падлеткаў — «Мой сусед Татора», г.Віцебск) і трапна кпіць з бацькоў — калекцыя «Таткава дачушка» (Мінск) выдала продка з трыбухой — родная крывічанка амаль не розніцца для яго ад улюбёнага сабакі‑далмацінца, таму каб прыцягнуць да сябе ўвагу, дзяўчынка вымушана мімікраваць пад найлепшага сябра чалавека. Нешматлікая па колькасці, выразна карэктная праца над беларускім фальклорным і джынсавымі стылямі.

Шмат «жанчынаў‑мараў», ёсць у наяўнасці і хлопцы ў спадніцах і сукенках ды зусім без іх.

Сям‑там выразна счытваецца прыцэл на «Расейскі сілуэт» і дабрачынцы‑патроны яго адчулі дакладна (складана было памыліцца). У фінал трапіла 25 калекцыяў, у лік якіх абраныя ўсе варыянты нашага позірку на суседзяў: «Баярыня Сібірская», «Russian Girl», «Родны матыў» — плённа скарыстана тэма агульнаславянскасці, «За самаварам», «Матруначка». Ад беларускага «гораду майстроў» у камандзіроўку да суседзяў выправілі адно Сюзану Дзянісаўну (на ўсялякі выпадак, каб замовіла слоўка перад уплывовымі заходнімі экспертамі). Памежнікі‑мытнікі засталіся пры сваіх справах. Выправяцца ў вандроўку і дзеці — 8 калекцый — маракі, касманаўты, цёпла і зручна апранутыя да халадоў, падарожжаў аўтастопам, да ўрокаў фізкультуры, заняткаў у прэстыжным ліцэі, а таксама нацыянальных расейскіх святаў.

Што прыемна, у фінал трапіла калекцыя майстра мода з Пінску Алеўціны Архіповіч «Лайм» — мужчынскія трыкатажныя камплекты і адзіная калекцыя prêt‑á‑porte дызайнера з Жодзіна Максіма Мытніка пад назвай «Максімум» — пэўна на сёння ўсё, што можна было выціснуць з «Світанка».

Магчыма знакава, што сярод абраных апынуўся камплект жаночых трыкатажных сукенак з назвай «Воск» Крысціны Сераковай з мінскай «Алесі». Менавіта вылепленай з воску прынеслі апалонавы чароўныя пчолы ў Грэцыю мадэль першага храма з Гіпербарэі, «зямнога раю». Сярод пераможцаў апынуліся таксама калекцыі «Графіка сутонняў» і «Трафарэты» — тонкая, густоўная гульня адценняў шэрага, туманных празрыстасцяў, элементаў выцінанкі. У калекцыі «Парадокс» цікава абыграная магчымасць трансфармацыі канструкцыі. У «Сальвадоры» і «Ваяжорах» адпаведна — зварот да іспанскага і англійскага касцюмаў, а «На гарошыне» і «Кахаю, Ганна» — свежая нотка ў маладзёжным адзенні.

Усе фіналісты атрымалі стажыроўкі ад замежных навучальных установаў, сярод якіх Іванаўская тэкстыльная акадэмія, Шведская школа тэкстылю, Школа моды і Вышэйшая школа мастацтваў у Берліне, універсітэт Уэльсу, Інстытут моды ў Вене, Школа вытворчасці адзення г.Прасцеёў (Чэхія).

Гасцявы паказ гасціннасць гледачоў аніяк не раскатурхаў: рэдзенькія воплескі як сваім дызайнерам, так і замежным, прымусілі дэманстратараў адзення «запальваць залу» манатоннымі рухамі далоняў.

Валійцы ж адмыслова падрыхтавалі калекцыю з тканін Мінскага камвольнага камбінату.

Чэхі выразна паказалі, як можна адзінкавую адрознасць скласці ў адзінае цэлае і плённа скарыстаць кантраст як найбагайцейшы ў сваім патэнцыяле мастацкі сродак. Іх калекцыя «Дзе кветкі?» была ці не самай дасціпнай ва ўсім марафоне.

Апошнімі ў межах паказу выйшлі расейскія іванаўцы з вобразамі нацыянальна‑адметных нявест: палавецкай і гагаузскай — бадзёрым каляровым акордам, але не апошняй дзеяй фестывалю.

Фіналам стала пастаноўка «адзінай у свеце казкі пра моду, расказанай мовай моды і харэаграфіі» аўтарства Сашы Варламава «Шум у шафе».
Каб зразумець яе сэнс, давялося адужаць пэўныя складанасці перакладу. Пералік дзейных асобаў і схема іх стасункаў скіравала да кубістычных выяваў ды верша Адама Глобуса «Застаецца нязменным квадрат». Пакой з вакном і дзвярыма, Шафа, запоўненая голымі плечыкамі чатырох гатункаў і нафталінам. Пакой кахае Шафу, а тая — суперплечыкі, якія ў сваю чаргу нікога не кахаюць. Пакой фліртуе з ветрам і пачынаецца нейкая жудасць, якую канцуе трыумф прыгажосці.

Адэкватна ўцяміць сэнс кароткага пераказу па‑беларуску гэтага шэдэўру Сашавай творчасці не выпадае аніяк, бо ў беларускай і расейскай мовах галоўных персанаж мае розны род і гэта ўсё разбурае. «Шкаф» магчыма зрабіць мужчынам, толькі назваўшы кофрам, а гэта будзе перанос падзеі ў вясковую, традыцыйную сітуацыю. Аўтарам да прынцыпова пазначана гарадская, мадэрная. З Пакоем, які таксама не супадае родам з «Комнатой», ледзь не выйшаў іншага кшталту канфуз: па выхадзе на сцэну артыстаў колеравае вырашэнне касцюмаў адназначна засведчыла: чырвоны пакой з белымі фіранкамі — то Краіна. Гэта яна спрабавала заціскаць‑згвалціць героя ў абдоймах, але ён прадэмантсраваў цуды непахіснасці і самазацыкленасці. Ды гэта ўсё, насамрэч, неістотна. Фішка ў іншым. Аб’ём (так пераназавем героя) не знайшоўшы паразумення ані з вонкавымі абставінамі, ані са сваім змесцівам (пустатой), вырашыў зацугляць адзіны рухомы элемент падзеі — вецер — вольную, пераменлівую мужчынскую сутнасць, і стаць ветраком, млыном, каб далучыцца да таго, што яго адзіна вабіла і напаўняла сэнсам існаванне — моды.

Паказы праходзілі ў Палацы спорту.

Подыум і партэр месціліся непасрэдна на лядовай пляцоўцы, мусіць таму агульная атмасфера фестывалю ўсё ж падалася мне досыць прахалоднай. Першыя два дні зала была запоўненая крыху болей чым на палову. Вядома ж, 90% прысутных — кабеты, дзяўчаты‑студэнткі. На трэці дзень колькасць гледачоў павялічылася — дадалося крыху мужчнаў, але затое людзі прыйшлі лёгка апранутыя, бо на вуліцы тала цёпла. І ўсюдыпранікальны холад з ісподу, такі шкодны для жаночага здароўя, увесь час нагадваў, што падзея адбываецца на непрабівальна‑абыякавай да людзей тэрыторыі, здольнай пазбавіць прысутных якіх‑любя полавых адрозненняў. Лтаральна па Р.Барту, вядомаму тэарэтыку моды: глыбінная пазнака Моды — значны ўзрост, а не пол. Сучасныя паказы ладзяца і ў закінутых фабрычных цэхах, і ў ангарах, але там, за межамі нашага краю, Мода як падзея, паўнавартасны набытак культуры ў сваім трыадзінстве — спажыўца, заклапочанага стварэннем, умацаваннем ці зменай свайго сацыяльнага статусу, наяўнасцю прывабных, статусных вобразаў, увасобленых у Модных рэчах і даступнасці спажывання гэтых рэчаў і вобразаў рэальна і віртуальна — даўно сфармавалася і змена «градусу пачуццяў» там ідзе толькі на карысць.

І колькі б вядоўца паказаў Дзяніс Кур’ян ні паўтараў мантру «мода ў Беларусі існуе» (чуў бы ён, як увогуле людзі ў зале рэагавалі на яго брыдкаваты канферанс...) цалкам даваць веры пафаснасці гэтай высновы не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?