Арганізатары «Басовішча» распавялі пра падрыхтоўку да 20‑га па ліку фэсту, што адбудзецца 17—18 ліпеня ў польскім Гарадку.

Як мяркуецца справіць юбілей фэсту і хто будзе гасьцямі і чаму сёлета было вырашана адмовіцца ад вольнай сцэны і конкурсу: «Гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па‑сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасьць. Таму бяз сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды», — заяўляюць у БАС.

Фэстываль «Басовішча» пройдзе 17 і 18 ліпеня на традыцыйнай пляцоўцы — ва ўрочышчы Борэк, што ля польскага Гарадку (за 35 кілямэтраў ад Беластоку. Ладзяць фэстываль новыя людзі — нядаўна ў Беларускім аб’яднаньні студэнтаў зьмянілася кіраўніцтва. Старшынёй абраная Мажэна Саевіч, яе намесьніцай — Кася Кузьміч. «Гэты фэстываль юбілейны, таму мы вырашылі ўнесьці зьмены ў яго фармат і канцэпцыю», — кажа Мажэна.

Паводле задумы, Борэк мае пераўтварыцца ў «машыну часу».

«Мы хочам паказаць людзям 20‑гадовую гісторыю фэсту, бо часта даводзіцца чуць пытаньні кшталту «А чаму «Басовішча« раней адбывалася ў Беларусі, а цяпер у Польшчы«? Плянуем у адмысловых намётах паказваць відэа ад першых фэстаў, а на сцэне будуць выступаць хэдлайнэры першых «басоў« — гурты «Мроя« і ULIS — апавядае Кася.

Часткова адрадзіцца і пераўвасобіцца ў легендаў беларускага року з задавальненьнем пагадзіліся як Лявон Вольскі, так і Ігар Варашкевіч. Адпаведна N.R.M. і «Крама» цяпер узмоцненна рэпэтуюць ды згадваюць песьні гуртоў‑папярэднікаў. Ня выключана, што музыкі нават апрануцца ў стылі пачатку 90‑х.

А вось ад вольнай сцэны і конкурсу сёлета вырашылі адмовіцца.
Адна зь менскіх студыяў нават абвесьціла сёлета набор на вольную сцэну фэсту, але цяпер арганізатары заяўляюць: ніякай вольнай сцэны ня будзе. «У нас адбылося непаразуменьне з прадстаўнікамі гэтай студыі. Мы зьвярталіся па параду, каб яна назвалі два‑тры гурты, якія маглі бы выступіць перад галоўным канцэртам, а яны ня так зразумелі і агучылі, што робяць адбор», — тлумачаць у БАС.

Кася Кузьміч тлумачыць прычыны, па якіх вырашана не рабіць сёлета конкурс маладых гуртоў.

«Гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па‑сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасьць. Таму бяз сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды, калі маем такі ўзровень. Маем надзею, што ў наступным ён адбудзецца на вышэйшым узроўні».

Цяпер кіраўніцтва БАС вядзе перамовы з польскімі чыноўнікамі наконт выдачы беларускім гледачам бясплатных візаў для паездкі ў Польшчу. Як толькі згода будзе дасягнутая, арганізатары абяцаюць паведаміць пра тое праз «Тузін Гітоў».

Сьпіс выступоўцаў «Басовішча‑2009» фактычна сфармаваны.
Арганізатары меркавалі запрасіць сярод іншых і гурт «Ляпіс Трубяцкой», але дамовіцца ня выйшла. Затое будзе экслюзіў ад «Бонды» і «Мроі», таксама выступіць Neuro Dubel, вядуцца перамовы з гуртом ULIS. З маладзейшых зайграюць — Rahis, Jab Club і хутчэй за ўсё «Детидетей». Плянуецца, што зь ляўрэатаў фэсту ранейшых гадоў, на сцэну выйдуць — Znich, RIMA, «Бан‑Жвірба», :B:N:, IQ48, Tarpach.

Фэстываль распачнецца 17 ліпеня, у пятніцу, у 17:00, а скончыцца позна ўначы 18 ліпеня. Уваход на пляцоўку — вольны.

Тузін гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0