Калі 16 траўня ўся краіна сядзела ля тэлевізараў, чакаючы выніковага канцэрту фэсту «Эўрабачаньне», к слаўнаму амфітэатру ў Віцебску пад’ехаў шыкоўны «Citroën» зь менскімі артыстамі. На што яны спадзяваліся? Што нехта адмовіцца ад хатняга супэршоў і кінецца ва ўтульны зальчык тутэйшай «Музычнай гасьцёўні» на прашпэкце Фрунзэ, 11? Але ж кінуліся, і заля была бітком, бо ў горад прыехала даволі ўжо раскручаная акцыя «M&M‑222», арґанізаваная фан‑клюбам беларускага року «Будзьма свабоднымі» і аднайменнай кампаніяй «Будзьма».

Шэф музычна‑выдавецкага лэйблу «БМАgroup» Віталь Супрановіч хуценька распавёў пра мэты акцыі, пра ўжо здзейсьненыя прэзэнтацыі ў Гародні, Воршы, Полацку, Магілеве, Менску і... даў слова аўтарам даволі вядомага кніжнага фаліянта «222 альбому беларускага року», другое выданьне якога вабна зьзяла спад моднага матавага ламіната цьвёрдага каленкору. Пакуль ён казаў тое, я пачуў і прычыну відавочнай актыўнасьці віцебскіх мэляманаў: «Во, я ж табе распавядала пра гарадзенскія спрэчкі ў інтэрнэце», – казала адна сяброўка другой.

І тут, пакуль лідэр гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў усталёўваў апаратуру для акустычнай падгучкі, на сцэну выйшлі Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльґуй. Яны часта выступаюць гэтак дуэтам, але ніколі не паўтараюцца, маючы шмат што сказаць людзям. Суровы і разважны Мяльґуй сходу загрузіў публіку ґрунтоўнай канцэпцыяй асэнсаваньня нацыянальнай прыналежнасьці твораў музычнага мастацтва. І мог бы перагрузіць многіх, але яго стала перапыняў хуткімі рэмінісцэнцыямі шустры на трапную думку Мартыненка, які казаў прыкладна так: «О, Толя, дарэчы, да пытаньня музычнай крытыкі як зьвязкавага зьвяна паміж музыкам і слухачом. Нядаўна размаўляў зь Пітам Паўлавым, які назваў крытыкаў дармаедамі на целе музыкі. Ён мае рацыю, дармаедаў хапае, якія проста дзеляцца сваімі хуткаплыннымі асабістымі ўражаньнямі, але я яму кажу: каму ты прадасі свой дыск у сёньняшнім звышінфармацыйным сьвеце? Калі крытык вызначыць стылістычныя прыкметы тваёй музыкі, выкладзе пэўныя аналёґіі ды адрозьненьні ў музычным сьвеце, падзеліцца магчымымі эмацыйнымі адкрыцьцямі, то найперш узьнікне хаця б спрэчка вакол цябе, а потым і цікавасць да ўласна музыкі. А без ґрунтоўнай крытыкі, растлумач мне, чаму ґітарыст Піт Паўлаў з N.R.M. мае ўсё ж большы папытовы рэйтынг за ўласны праект Піта – GARADZKIJA? Ці ты адмыслова ў сваім гурце граеш горш? Наўрад ці. Проста крытыкам больш падабаецца ў тэмах і эмацыйных фантазыях N.R.M. пакапацца».

Адметнай рысай гэтай прэзэнтацыі стала яшчэ й тое, што віцебскія мэляманы ня толькі змаглі купіць апошні менскі фаліянт дуэта M&M, але й прынамсі пабачыць іхнюю першую кнігу «Праз рок‑прызму», якая выйшла роўна 20 год таму ў ЗША. Цяпер і яна даступная ня толькі ў бібліятэцы канґрэсу ЗША, але й у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на сайце http://www.kamunikat.org , дзе вельмі доўга стаяла ў тамтэйшым «Top’25» найбольш папытовых беларускіх кніг.

Ну і гутарка пра музыку не магла абыйсьціся без самой музыкі, таму на сцэну выйшаў усё той жа Андрэй Плясанаў, пра гурт «P.L.A.N.» якога ў кнізе ёсць чатыры рэцэнзыі, два каляровыя плякаты, а ён сыграў greatest hits ажно васьмі альбомаў. Не, выйшла ў сьвет пакуль толькі шэсць, але Плясанаў любіць парадаваць публіку зусім новымі напрацоўкамі. І дзіўна было, калі шмат хто ў залі падпяваў ня толькі старое («Шынкарачку», «Ранішнія адчуваньні», «Цені гісторыі»), але й новае, каторага я нават назвы не запомніў. Во, прынамсі «Сонца залатое» на вершы Натальлі Арсеньневай, прэм’ера якой нядаўна адбылася на тэлеканале «Мир».

Калі мы ехалі назад, яшчэ больш дзіўна было чуць стогны Андрэя: «Якая няўдача, я прадаў усяго толькі 16 дыскаў. Праўда падпісаў штук трыццаць». Мартыненка, які сядзеў побач, толькі ухмыльнуўся: «Ну ты, Андрэй абнаглеў: нашыя ранейшыя кампаньёны прэзэнтацыйных акцыяў радаваліся, калі штук 5‑6 прададуць, а табе 16 мала». Плясанаў супакойваецца хутка, але працягвае бурчэць: «Але ж чаму райцэнтр Полацак загроб сходу 60 штук, а абласны Віцебск 16?»

Затое на кнігу віцебляне, факт, накінуліся больш імпэтна за палачан, Супрановіч толькі пасьпяваў пачкі падносіць, а яшчэ ж імпрэза стала для многіх падставай набыць шматлікія беларускія CD‑навінкі, якіх у Віцебск чамусьці не завозяць: «LitvinTroll», «Стары Вольса», «Джамбібум», «Partyzone», «Мясцовы час», «Крама», а нехта ўпершыню спрабаваў прыслухацца да альбомаў Данчыка, пра якога пачулі толькі падчас сьмерці ягонай бабулі ў Амэрыцы.

Найбольш прышпільна, што мы не праміргалі нават фінальны канцэрт «Эўрабачаньня», стэрэагукі якога разносіла нейкае радыё ў машыне. Дык наш нарвэжскі Рыбак супэр‑гіт усё ж закілбасіў зь беларуска‑ірляндзкім калярытам! І вось гэтак дзень прайшоў на выключна станоўчых эмоцыях.

* * *

Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй — знакамітыя музычныя крытыкі. Пра беларускі рок пішуць з пачатку 80‑ых гадоў. Іх першая кніга «Праз рок‑прызму» выйшла у 1989 годзе у ЗША.

«222 альбомы беларускага року» – працяг іх першай кнігі (без аніякіх паўтораў). Выданьне уяўляе з сябе практычна энцыклапедыю беларускай музыкі, бо праз выданьне альбомаў можна прасачыць гісторыю айчыннага року. Кніга расказвае пра альбомы нашых каманд, што выходзілі не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША да Польшчы, Расеі ды Францыі, Нямеччыне і Велікабрытаніі і іншых краінах ад 30 гадоў да нашых дзён.

Усім наведнікам ў падарунак дыск «Фестывальны рух Беларусі» ад фан‑клуба «Будзьма свабоднымі».

Беларускія барды Андрэй Плясанаў і Тацьцяна Беланогая знаёмяць аматараў са сваёй творчасцю.

Наступныя сустрэчы пройдуць:

22 мая. Брэст. 18.00. вул. Маладагвардзейская, 14/1 (кафэ‑бар «Вектар»)

24 мая. Орша. Музей У.Караткевіча. (вул. Леніна,26). 18.00.

26 мая. Гомель. Вул. Палесская, 52 ( управа АГП). 18.00

Уваход вольны!

Даведкі: 6490888

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?