Пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, які адбыўся месяц таму, пісалі шмат. Нават больш, чым пра еўрапейскі саміт, прысвечаны «Усходняму партнёрству». Бо галоўнай інтрыгай таго саміту, калі верыць СМІ, было — ці прыедзе Лукашэнка ў Прагу. Як толькі стала ясна, што не прыедзе, знікла і цікавасць да падзеі. А сапраўднае значэнне сустрэчы Папы з кіраўніком беларускай дзяржавы стане зразумелым толькі з цягам часу.

Хто не сляпы, той бачыць

Сустрэчу кіраўніка Рэспублікі Беларусь з Папам Бенедыктам XVI ў прэсе абмяркоўвалі жыва. Але на што, найперш, была звернута ўвага? На пяцігадовага Колю, на расійскі буквар, на паводзіны Лукашэнкі. На першым месцы былі не пытанні веры і рэлігіі, нават не сам факт аўдыенцыі кіраўніка Беларусі ў галавы касцёлу, але яго госць.

Радыёстанцыя «Нямецкая хваля» у тыя дні выставіла была на сваім сайце трапны загаловак «Бацька едзе да Папы».

Грамадска‑палітычны падтэкст любой падзеі, у тым ліку, звязанай з узаемадзеяннем розных канфесіяў, а таксама дэталі асабістага жыцця высокіх кіраўнікоў заўсёды цікавіць журналістаў у першую чаргу. Бо лічыцца, што менавіта гэты бок жыцця найбольш цікавіць і соцыюм. І ў гэтым не было б нічога кепскага, калі б у Беларусі за апошнія 15 гадоў уся палітыка не звялася да размоваў пра ППРБ. Нават калі гаворка ідзе пра апазіцыю, дык часцей за ўсё — у кантэксце процістаяння яе з Лукашэнкам.

Безумоўна, сам ён — у каторы раз — праявіў сябе як абазнаны і спрытны палітык. Візіт у Ватыкан, як перад гэтым і сутрэча з Патрыярхам Кірылам, былі выкарыстаны на поўніцу. Напярэдадні 9 Траўня Лукашэнка ў Салігорску зноў вярнуўся да тэмы міжрэлігійных адносінаў. І казаў ён не толькі на тэму магчымай сустрэчы кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у Беларусі ў будучыні.

«Сляпы той, хто не бачыць рэаліяў — казаў Лукашэнка. — А рэаліі такія, што Беларусь па колькасці пражываючых каталікоў займае пасля Літвы другое месца на постсавецкай прасторы». (Некаторыя людзі старэйшага пакалення, напэўна, міжволі прыгадалі пачатак прамовы Лаўрэнція Берыі з трыбуны маўзалея на пахаванні Сталіна: «Хто не сляпы, той бачыць — мы адзіныя як ніколі».) А далей кіраўнік сказаў галоўнае з таго, што хацеў сказаць: «Каталікі — гэта нашы людзі, і тое, што я ім паабяцаў, я ўсё зрабіў. Яны лічаць мяне сваім прэзідэнтам».

Але хіба для вернікаў вышэй за любога прэзідэнта ці нават за Папу, вышэй за ўсіх, вышэй за зямную ўладу не стаіць Бог?

Ессе Номо

У той час, як візаві Папы Бенедыкта XVI атрымліваў палітычныя дывідэнды са свайго візіту ў Ватыкан, вярхоўны пантыфік распачаў сваю паездку на Блізкі Ўсход. Падарожжа Папы ў Святую зямлю выклікала належную ўвагу прэсы, у тым ліку ў Беларусі. Але большасць СМІ, як і ў згаданым вышэй выпадку, цікавіла, хутчэй, палітычная ці нават асабістая падаплёка падзеі, чым яе сутнасць. Пісалі, быццам Ёзэф Алаіз Ратцынгер у юнацтве служыў у «гітлерюгендзе», што катэгарычна абвяргаюць у папскім сакратарыяце. (Дарэчы, заўважу, што не варта называць Папу па‑свойску Ратцынгерам, як гэта публічна робяць некаторыя айчынныя палітолагі ў тэлеэфіры.) Згадвалі гісторыю са зняццем Папам адлучэння ад касцёлу біскупа Рычарда Уільямсана, які адмаўляў Халакост. Бенедыкт XVI не першым з Папаў наведаў Ізраіль (першым быў Павел VI у 1964‑м). І не першым з іх аддаў даніну памяці ахвярам Халакосту. У 2000 годзе гэта зрабіў яго папярэднік Ян Павел ІІ. Услед за ім Бенедыкт ХVІ рашуча асудзіў антысемітызм, які апошнім часам зноў набірае моц.

Але ізраільскія артадоксы скрытыкавалі каталіцкага першасвятара за яго намер кананізаваць Папу Пія ХІІ, якога абвінавачваюць у тым, што ён не асудзіў падчас вайны Гітлера і гітлераўскі генацыд яўрэяў. Яго дзейнасць ацэньваецца гісторыкамі супярэчліва. Ёсць звесткі, што па ўказанні Папы італьянскіх яўрэяў хавалі ў манастырах. Але яму закідаецца тое, што іх жыццё ратавалі часам з дапамогай хрышчэння, а гэта з гледзішча юдаізму непрымальна.

Многія ў Ізраілі кажуць, што пры Бенедыкту ХVІ міжрэлігійны дыялог перажывае адкат. Але ў тым жа самым Папу абвінавачваюць і ў мусульманскім свеце. Арабы‑мусульмане, Хамас, іншыя рэлігійныя арганізацыі, шэйхі абвінавачваюць яго з аднаго боку ў недастаковай павазе да ісламу, а з другога — у тым, што ён недастакова цісне на Ізраіль, каб той хутчэй прызнаў Палестыну як незалежную дзяржаву. Хоць у падтрымку стварэння палестынскай дзяржавы Папа выказаўся адназначна. Асудзіў ён і гвалт супраць мірных палестынцаў.

І юдэйскія, і мусульманскія святары ў дазенным выпадку займаюцца тым самым, чым займаюцца палітыкі ва ўсім свеце. Яны спрабуюць скарыстаць чужы аўтарытэт і харызму ў палітычных або ў вузка зразуметых нацыянальных мэтах.

Спачатку было Слова

Ёсць вялікая розніца ў аўтарытэце палітыка і аўтарытэце святара. Усе памятаюць грэблівае пытанне Сталіна падчас пасляваеннага падзелу Еўропы: «Папа? А колькі ў яго дывізяў?» Але ў тым і рэч, што вось ужо 500 гадоў Ватыкан мае самае маленькае ў свеце войска (усяго 110 чалавек), а галоўнай зброяй пантыфікаў застаецца слова.

І калі Папа кажа, што сустрэча з першаіерархам Расейскай Праваслаўнай Царквы можа адбыцца, калі «Бог адчыніць гэтыя дзверы», гэтыя словы напоўнены куды большым сэнсам і верай, чым заявы кіраўніка дзяржавы пра тое, што ён «пастаянна» і «сістэмна» сустракаецца «з Сінодам, з Патрыярхам», ці яго спробы быць пасярэднікам паміж Масквою і Рымам.

Вяртаючыся да пачатку гэтага артыкулу, можна яшчэ раз згадаць закіды ў прэсе — як мог Ватыкан запрасіць кіраўніка дзяржавы, якога раней называлі «апошнім дыктатарам Еўропы»? Як мог Папа прымаць чалавека, які сам сябе называў «праваслаўным атэістам», прымаць яго разам з дзіцем, народжаным па‑за шлюбам? Мы не зможам зразумець сэнс гэтай падзеі, калі будзем разважаць чыста палітычнымі, прагматычнымі катэгорыямі. Працягваючы руку кіраўніку беларускай дзяржавы, Папа працягнуў яе і ўсім жыхарам Беларусі, не толькі каталікам. Ён даў усім нам шанц успомніць, хто мы, адкуль родам, задумацца над тым, што кожнаму дадзены выбар.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0