Сьледзтва арыштавала 5-пакаёвую кватэру і катэдж былога пракурора Менскай вобласьці
.

«У зьвязку з тым, што артыкул 430 прадугледжвае канфіскацыю, кватэра апісаная, арыштаваная і перададзеная на захоўваньне таварыству ўласьнікаў. Акрамя гэтага, апісаны, арыштаваны і перададзены на захоўваньне катэдж у Менскай вобласьці», - паведаміў Інтэрфаксу адвакат Анатоль Шэпялевіч.

«Сьледзтва вылучыла Міхалу Сьнегіру абвінавачваньне па тром артыкулам Крымінальнага кодэксу – злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, хабарніцтва, захоўваньне боепрыпасаў», - паведаміў Шэпелевіч.

«Паводле абвінавачваньня, хабар у выглядзе будаўнічых матэрыялаў была атрыманая ад колішняга дырэктара менскага прадпрыемства «Забудова», <...> боепрыпасы - патроны – былі знойдзеныя ў кватэры, дзе пражывае сям’я М.Сьнегіра», - удакладніў адвакат.

Шэпелевіч таксама паведаміў, што цяпер Сьнягір знаёміцца ў матэрыяламі крымінальнай справы.

Тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня сканчаецца 14 чэрвеня.

***

Пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнегір быў зьняты з пасады і арыштаваны ў сьнежні пасьля антыкарупцыйнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле кіраўніка дзяржавы былы пракурор нібыта незаконна набыў дарагую кватэру ў цэнтры Менска і будаваў катэдж пад Менскам. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч не адказаў на пытаньне журналістаў, ці прызнаў Міхаіл Сьнегір сябе вінаватым, спаслаўшыся на тайну сьледзтва.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка яшчэ 13 лістапада мінулага году правёў нараду ў пытаньні барацьбы з карупцыяй. Ён даручыў генпракурору ўнесьці прадстаўленьне аб вызваленьні з пасадаў намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Кіраўнік краіны таксама даручыў пачаць супраць іх крымінальную справу.

Мікалай Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір былі вызвалены ад займаных пасадаў і звольнены з органаў пракуратары 14 лістапада.

Адносна іх была ўзбуджана крымінальная справа.

Таксама спадар Васілевіч патлумачыў, што суды прынялі рашэньні аб незаконнасьці выдзяленьня ўчасткаў для катэджаў былых супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных спраў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0